Псалтыр 121 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Песьня на ўступцох. Уздымаю вочы свае на горы, скуль прыходзе помач мая.
 
Песня ўзыходжання. Падымаю свае вочы на горы: адкуль мае прыйсці мне дапамога?

Помач мая ад СПАДАРА, Каторы ўчыніў неба й зямлю.
 
Дапамога мая ў Госпада, Які стварыў неба і зямлю.

Ён ня дасьць пакаўзнуцца назе тваёй; не задрэме Сьцерагучы цябе;
 
Не дасць Ён пахіснуцца тваёй назе, не задрэмле Той, Хто пільнуе цябе.

Вось, ня дрэме ані сьпіць Сьцерагучы Ізраеля.
 
Вось жа не задрэмле і не заспіць Той, Хто пільнуе Ізраэль.

СПАДАР — Сьцерагучы цябе, СПАДАР — сьцень твой справа.
 
Госпад пільнуе цябе, Госпад — шаты твае праваруч цябе.

Удзень сонца ня вытне цябе, ані месяц ночы.
 
Сонца не зашкодзіць табе днём, ані ноччу месяц.

СПАДАР усьцеражэць цябе ад усёга благога, усьцеражэць душу тваю.
 
Госпад будзе пільнаваць цябе ад усялякага ліха; пільнаваць будзе душу тваю Госпад.

СПАДАР усьцеражэць выхад твой і ўход твой адгэтуль і аж на векі.
 
Госпад будзе пільнаваць выхад твой і ўваход твой ад гэтага часу і навечна.