Псалтыр 21 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Кіраўніку хору. Псальма Давідава.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў.

СПАДАРУ, у моцы Тваёй вяселіцца кароль і із спасеньня Твайго як вельма ён цешыцца.
 
Госпадзе, цар парадуецца з магутнасці Тваёй. О, як вельмі пацешыцца ён і з Тваёй помачы!

Зычаньне сэрца ягонага Ты даў яму і просьбам вуснаў ягоных не адмовіў. Сэля.
 
Выканаў Ты жаданне сэрца яго для яго, і не адмовіў просьбе яго вуснаў.

Ты пераняў яго добрымі дабраславенствамі, Ты ўзлажыў на галаву ягоную карону з чыстага золата.
 
Бо папярэдзіў Ты яго шчодрымі дабраславеннямі, усклаў на галаву яго з найчысцейшага золата вянец.

Жыцьця прасіў у Цябе, Ты даў яму даўгія дні на векі а векі.
 
Прасіў ён жыцця ў Цябе, і Ты надзяліў [ім] яго — доўгасцю дзён навечна і на векі вечныя.

Вялікая чэсьць яго ў спасеньню Тваім; харашыню а майстат Ты ўзлажыў на яго;
 
Вялікая хвала яго ва ўспамозе Тваёй, велічы і гожасці дадасі Ты яму;

Бо Ты робіш дабраславенства яму ня векі. Ты ўзьвесяліў яго радасьцяй з прытомнасьці Свае:
 
бо дадасі Ты яму дабраславенне на векі вечныя, усцешыш яго радасцю перад абліччам Сваім.

Бо кароль, здаючыся на СПАДАРА а на міласэрдзе Навышняга, ня хістаецца.
 
Цар бо здавяраецца Госпаду і ў ласцы Найвышэйшага не пахіснецца.

Знойдзе рука Твая ўсіх непрыяцеляў Тваіх, знойдзе правіца Твая ненавідзячых Цябе.
 
Хай дасягне рука Твая ўсіх непрыяцеляў Тваіх, хай дасягне правіца Твая ўсіх ненавіснікаў Тваіх.

Ты зробіш іх падобнымі да печы агнявой у часе прытомнасьці Свае; СПАДАР гневам Сваім глынець іх, і пажарэць іх цяпло.
 
Памясці іх нібы ў печ вогненную ў час з’яўлення Твайго:

Плод іхны ізь зямлі Ты выгубіш і насеньне іхнае — з памеж сыноў людзкіх.
 
выгубі патомства іх з зямлі і семя іх з ліку сыноў чалавечых.

Бо яны сьхіналі ліха на Цябе, яны задумлялі ізраду, яны ня маюць дасьпеху;
 
Бо яны задумалі супраць Цябе ліхое, учынілі нараду, — але яны не змогуць нічога.

Бо Ты іх абернеш плячыма да нас, цяцівамі Сваімі Ты складаешся ў відзеньні іхныя.
 
Ты павернеш іх назад, накіруеш лук Твой у іх твар.

Узьніміся, СПАДАРУ, сілаю Сваёй: мы будзем пяяць а апяваць магутнасьць Тваю.
 
Падыміся, Госпадзе, у магутнасці Сваёй! Апяём і праславім магутнасць Тваю.