Псалтыр 97 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

СПАДАР гаспадарствуе; хай зямля цешыцца; хай вяселяцца шмат абтокаў.
 
Госпад заваладарыў! Хай радуецца зямля, хай весяляцца шматлікія астравы.

Булак а туман навокал Яго; справядлівасьць а суд подам пасаду Ягонага.
 
Аблокі і туман — навокал Яго; справядлівасць і закон — гэта падмурак Яго пасаду.

Цяпло йдзець перад Ім і пале навокал варагоў Ягоных.
 
Агонь ідзе перад Ім і паліць наўкола Яго непрыяцеляў.

Асьвячае маланьня Ягоная сьвет; бачыла а дрыжэла зямля.
 
Маланкі Яго асвятляюць сусвет: бачыць і трымціць зямля.

Горы, як воск, таялі перад відам СПАДАРА, перад відам Спадара ўсяе зямлі.
 
Горы, як воск, растапляюцца перад Госпадам, перад Госпадам сусвету.

Агалашайце, нябёсы, справядлівасьць Ягоную, і ўсі люды пабачаць чэсьць Ягоную.
 
Нябёсы вяшчаюць справядлівасць Яго, а ўсе народы бачаць Яго хвалу.

Хай засаромяцца ўсі, што служаць выразаным, што хваляцца балванамі. Кланяйцеся яму ўсі багі.
 
Хай пасаромяцца ўсе, што пакланяюцца ідалам і што выхваляюцца балванамі сваімі. Пакланіцеся Яму, усе анёлы Яго.

Пачуў і разьвесяліўся Сыён, і цешыліся дачкі Юдзіны із судоў Тваіх, СПАДАРУ;
 
Чуе гэта і весяліцца Сіён, і радуюцца гарады Юды дзеля прысудаў Тваіх, Госпадзе.

Бо Ты, СПАДАРУ, высокі над усёю зямлёю, надта ўзьняўся над усімі багамі.
 
Бо ты, Госпадзе, праслаўлены на ўвесь свет, надзвычайна ўзвышаешся Ты над усімі багамі.

Любячыя СПАДАРА! ненавідзьце ліха. Ён крые душы дабрачэсьлівых Сваіх; з рукі нягодных вывальняе іх.
 
Любіць Госпад тых, што ненавідзяць ліха; сцеражэ Ён душы святых, — з рукі грэшніка вызваліць іх.

Сьвятліня насяецца справядліваму й пасьцівым сэрцам — весялосьць.
 
Для справядлівага ззяе святло, і для праўдзівых сэрцам — радасць.

Цешчася ў СПАДАРУ, справядлівыя, і дзякуйце за сьведам’е сьвятасьці Ягонае.
 
Цешцеся, справядлівыя, у Госпадзе, і вызнавайце памяць святасці Яго.