Псалтыр 116 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Люблю, бо пачуў СПАДАР голас мой, маленьне мае,
Алілуя. Палюбіў я, бо выслухаў Госпад голас малення майго.
Бо прыхінуў вуха Свае да мяне, затым усі дні свае буду прыгукаць Яго.
Бо нахіліў вуха Сваё да мяне, калі прызываў я ў дні мае.
Сьмяротныя болі агарнулі мяне, шэолевы немарасьці стрэлі мяне; стрэлі мяне клопат а журба.
Ахуталі мяне путы смерці і пакуты пякельныя нахлынулі на мяне. Натрапіў я на бяду і пакуту.
І гукаў я імя СПАДАРОВА: «Малю Цябе, СПАДАРУ, дай уцячы душы маёй».
І стаў я прызываць імя Госпада: «О Божа, вызвалі душу маю».
Ласкучынюшчы СПАДАР а справядлівы, і Бог наш спагадае.
Міласэрны Бог і справядлівы, і Бог наш літасцівы.
Крые простых СПАДАР: я пагалеў, і Ён спас мяне.
Сцеражэ Госпад малых; быў я прыніжаны, а Ён даў мне збаўленне.
Зьвярніся, душа мая, да супакою свайго, бо СПАДАР адплаціў табе,
Вярніся, душа мая, да спачынку твайго, бо Госпад дабро ўчыніў табе;
Бо Ты вывальніў душу маю ад сьмерці, вочы мае ад сьлёзаў, ногі мае ад спатыканьня.
бо вырваў Ён душу маю ад смерці, вочы мае — ад слёз, ногі мае — ад падзення.
Буду хадзіць перад СПАДАРОМ на землях жывых.
Буду хадзіць перад Госпадам у краіне жывых.
Я верыў, затым я казаў: «Я вельма зьнемарашчаны».
Паверыў я, і таму прамовіў: «Прыніжаны я вельмі».
Я сказаў у пасьпеху сваім: «Усі людзі манышы».
Я ў страху сваім сказаў: «Кожны чалавек ашуканец».
Чым я адплачу СПАДАРУ за ўсі дабрадзействы Ягоныя імне?
Чым жа я аддам Госпаду за ўсё, што Ён аддаў мне?
Чару спасеньня падыйму і імя СПАДАРОВА прыгукаю.
Вазьму келіх збаўлення і прызаву імя Госпада.
Абятніцы свае СПАДАРУ споўню ў прытомнасьці ж усяго люду Ягонага.
Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго.
Дарагая ў ваччу СПАДАРОВЫМ сьмерць дабрачэсьлівых Ягоных.
Дарагая ў вачах Госпада смерць Яго святых.
Малю Цябе, СПАДАРУ, бо я слуга Твой, я слуга Твой, сын служэбкі Твае; Ты распутаў путы мае.
Госпадзе, я слуга Твой, і сын служанкі Тваёй. Ты разарваў путы мае.
Табе абраку аброкі падзякі і імя СПАДАРОВА буду гукаць.
Злажу я Табе пахвальную ахвяру і прызаву імя Госпада.
Абятніцы свае СПАДАРУ споўню ў прытомнасьці ж усяго люду Ягонага.
Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго
На панадворках дому СПАДАРОВАГА, сярод цябе, Ерузаліме. Галілуя!
на панадворку дому Госпада, пасярод цябе, Ерузалім.