Псалтыр 49 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: псальм.
 
Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Псальм.

Чуйце гэта, усе народы! Зважайце ўсе, што жывеце ў сусьвеце!
 
Паслухайце пра гэта, усе народы, настаўце вушы, усе жыхары свету,

Усе вы сыны чалавечыя — і багачы, і ўбогія.
 
усе простыя людзі, як і вяльможы, разам, як адзін, — багаты і бедны.

Вусны мае мудрае кажуць, думкі-ж сэрца майго — развага.
 
Мае вусны выкажуць мудрасць, а развага сэрца майго — разважнасць.

Прыхілю вуха маё да прыповесьці, пад ігру гусьляў выкрыю загадку маю:
 
Нахілю я вуха маё на прыпавесць, пры звоне псалтыры адкрыю маю загадку.

чаму мне палохацца ў дні няшчасьця, калі абступае мяне беззаконьне напасьнікаў маіх,
 
Чаго мне баяцца ў дні ліхія, калі несправядлівасць падступных акружыць мяне?

якія на сілы свае спадзяюцца ды множствам багацьця свайго нахваляюцца?
 
Яны ўпэўнены ў сваім магуцці і мноствам багацця свайго хваляцца.

Ніхто выкупіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу,
 
Але ж сам сябе чалавек не адкупіць, не дасць ён Богу ахвяры адкуплення свайго.

(лішне дорага была-б цана за іх душу, дык навекі зрачыся гэтага мусіць),
 
Збаўленне душы яго вельмі каштоўнае, так што ніколі не хопіць,

каб жывы ён навекі астаўся ды ня ўгледзіў магілы.
 
каб хто дажыў да самага канца і не бачыў загубы.

Кожны бачыць: паміраюць мудрыя, і дурны ды шалёны разам прападаюць ды іншым багацьце сваё пакідаюць.
 
Бо ўбачыць ён, што памруць мудрыя і аднолькава гінуць неразумны і дурань, пакідаючы свае багацці чужым людзям.

Магілы — памешканьне ім па век векаў, дамы ім на ўсенькую прышласьць, хаця-ж бы яны сваім імем назвалі цэлыя землі.
 
Магілы іх — дамы іх навечна, калі нават назавуць яны імёнамі сваімі свае землі.

І чалавек у чэсьці доўга трываці ня будзе: ён да жывёлы падобны, што назарэз.
 
І чалавек, калі ён у пашане, не век трывае ў ёй; прыпадобнены ён да быдла, якое прападае; і стаўся ён падобны да іх.

Гэткі лёс пэўных сябе і тых, каму словы іх даспадобы:
 
Такая дарога тых, у якіх спадзяванне на саміх сябе, і такі канец тых, якія сваёй гаворкай захапляюцца.

як авечкі, яны ў край сьмерці зыйдуць; сьмерць пасьвіць іх будзе; і нараніцы будуць на іх паляваць справядлівыя; сіла іх вычарпецца, магіла — жыльлё ім.
 
Як авечкі, і яны ў пекле кладуцца, смерць пасе іх; а справядлівыя гаспадараць над імі, хутка знікне іх воблік: апраметная — іх жытло.

Маю-ж душу нызваліць Бог спад улады сьмяротнай краіны, бо Сам мяне прыйме.
 
Ды ўсё ж Бог адкупіць душу маю, з рук апраметнай сапраўды прыме мяне.

Не абурайся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага:
 
Не бойся, калі чалавек зробіцца багатым, калі памножана будзе заможнасць яго дома.

бо, як памрэ, нічога ня возьме з сабой із таго, і слава яго ня пойдзе за ім,
 
Бо калі памрэ ён, то нічога з сабой не забярэ, і яго заможнасць разам з ім не пойдзе.

хаця-б за жыцьця душы ён сваей патураў, і людзі хвалілі цябе, калі добра рабіў для сябе.
 
Хаця супакойваў ён сам сябе пры жыцці ў душы сваёй: «Будуць хваліць цябе за тое,

Але ён пойдзе да роду айцоў сваіх, што не пабачаць ніколі сьвятла.
 
што ты добра ўчыніў сабе», аднак пойдзе ён да роду бацькоў сваіх, якія ўжо ніколі не ўбачаць святла.

Чалавек у славе, ды без развагі, падобны да жывёлы, што назарэз.
 
Чалавек, які жыве ў пашане і не разумее; прыпадобнены ён да быдла, якое прападае бясследна; і ёсць ён падобны да іх.