Псалтыр 85 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Сыноў Корыных. Псальма.
 
Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм.

Ты прыяў зямлі Сваёй, СПАДАРУ, зьвярнуў палон Якаву,
 
Ты зьявіў ласку, ГОСПАДЗЕ, для зямлі Тваёй, Ты вярнуў палон Якуба.

Дараваў бяспраўі люду Свайго, закрыў усі грахі яго (Сэля),
 
Ты дараваў віну народу Твайго, Ты пакрыў усе грахі іхнія. (Сэлях)

Забраў назад усе абурэньне Свае, узьдзержыўся ад палаючага гневу Свайго.
 
Ты стрымаў усю лютасьць Тваю, адвярнуў жар гневу Твайго.

Зьвярні нас, Божа спасеньня нашага, і спыні гнеў Свой на нас.
 
Вярні нас, Божа збаўленьня нашага, і спыні абурэньне Тваё на нас.

Ці на векі будзеш гневаціся на нас? ці гнеў Свой расьцягнеш з пакаленьня ў пакаленьне?
 
Няўжо вечна будзеш гневацца на нас і гнеў Твой працягнеш з пакаленьня ў пакаленьне?

Ці Ты ня зьвернешся й не ажывіш нас, каб люд Твой цешыўся ў Табе?
 
Няўжо не павернешся, каб ажывіць нас, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе?

Пакажы нам ласку Сваю, СПАДАРУ, і спасеньне Свае дай нам.
 
Дай нам убачыць, ГОСПАДЗЕ, міласэрнасьць Тваю, і збаўленьне Тваё дай нам!

Паслухаю, што кажа Бог СПАДАР, бо Ён будзе казаць супакой люду Свайму а дабрачэсьлівым Сваім; але хай не зварачаюцца ізноў да дурноты.
 
Паслухаю, што кажа Бог ГОСПАД, бо Ён кажа пра супакой для народу Свайго і для багабойных Сваіх, і няхай не зьвяртаюцца яны да глупоты. (Сэлях)

Запраўды блізка спасеньне Ягонае да тых, што баяцца Яго, каб чэсьць Яго жыла ў зямлі нашай.
 
Вось, блізка збаўленьне Ягонае для тых, што баяцца Яго, каб слава [Божая] пасялілася на зямлі нашай.

Ласка а праўда сустрэліся, справядлівасьць а супакой пацалаваліся.
 
Міласэрнасьць і праўда сустрэнуцца, праведнасьць і супакой пацалуюцца.

Праўда ізь зямлі вырастае, і справядлівасьць ізь неба глядзіць далоў.
 
Праўда ўзыйдзе з зямлі, і праведнасьць з неба глядзець будзе.

Але, СПАДАР дасьць дабро, і зямля наша выдасьць плод свой.
 
І ГОСПАД дасьць даброцьце, і зямля наша дасьць ураджай свой.

Справядлівасьць пойдзе перад Ім і аберне ў дарогу сігні Ягоныя.
 
Праведнасьць будзе ісьці перад абліччам Яго і будзе стаяць на шляху крокаў Ягоных.