Псалтыр 85 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Сыноў Карэявых. Псальм.
 
Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм.

Ягова, Ты быў дабразычлівым да Тваёй зямлі, Ты вярнуў палон Якубаў,
 
Ты зьявіў ласку, ГОСПАДЗЕ, для зямлі Тваёй, Ты вярнуў палон Якуба.

Ты дараваў віну народу Твайму, Ты пакрыў усе грахі іхныя. — Зэля.
 
Ты дараваў віну народу Твайго, Ты пакрыў усе грахі іхнія. (Сэлях)

Ты адцягнуў назад усю Тваю лютасьць, Ты адвярнуўся ад лютасьці гневу Твайго.
 
Ты стрымаў усю лютасьць Тваю, адвярнуў жар гневу Твайго.

Аднаві нас, Божа збаўленьня нашага, спыні абурэньне Тваё супраць нас.
 
Вярні нас, Божа збаўленьня нашага, і спыні абурэньне Тваё на нас.

Ці ж вечна будзеш гне́вацца супраць нас? Ці будзеш Ты Твой гнеў доўжыць ад пакаленьня да пакаленьня?
 
Няўжо вечна будзеш гневацца на нас і гнеў Твой працягнеш з пакаленьня ў пакаленьне?

Няўжо Ты нас ізноў ня ажывіш, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе?
 
Няўжо не павернешся, каб ажывіць нас, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе?

Дай нам, Ягова, убачыць міласэрнасьць Тваю і дай нам Тваё выратаваньне.
 
Дай нам убачыць, ГОСПАДЗЕ, міласэрнасьць Тваю, і збаўленьне Тваё дай нам!

Паслухаю, што скажа Ўсемагутны Ягова. Так, Ён абвесьціць мір народу Свайму, сьвятым Сваім. Хай яны ізноў ня вернуцца да няразумнасьці!
 
Паслухаю, што кажа Бог ГОСПАД, бо Ён кажа пра супакой для народу Свайго і для багабойных Сваіх, і няхай не зьвяртаюцца яны да глупоты. (Сэлях)

Сапраўды, выратаваньне Ягонае блізка да тых, хто баіцца Яго, каб слава Ягоная жыла ў зямлі нашай.
 
Вось, блізка збаўленьне Ягонае для тых, што баяцца Яго, каб слава [Божая] пасялілася на зямлі нашай.

Міласэрнасьць і праўда спаткаюцца. Справядлівасьць і мір пацалуюцца.
 
Міласэрнасьць і праўда сустрэнуцца, праведнасьць і супакой пацалуюцца.

Праўда вырасьце зь зямлі, і справядлівасьць гляне зь Нябёсаў.
 
Праўда ўзыйдзе з зямлі, і праведнасьць з неба глядзець будзе.

І Ягова дасьць нам добрае, і зямля нашая дасьць плод свой.
 
І ГОСПАД дасьць даброцьце, і зямля наша дасьць ураджай свой.

Справядлівасьць пойдзе перад Ім, і Ён паставіць (нас) на дарогу Ягоных крокаў.
 
Праведнасьць будзе ісьці перад абліччам Яго і будзе стаяць на шляху крокаў Ягоных.