Псалтыр 53 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору. Пра «хваробу». Навука Давідава.
Кіраўніку хору: на лад сумны. Навучаньне Давіда.
Няразумны кажа ў сэрцы сваім: «Няма Бога.» Яны ёсьць сапсаваныя, яны чыняць агіднае бяззаконьне. Няма нікога, хто робіць дабро.
Сказаў бязглузды ў сэрцы сваім: «Няма Бога!» Сапсаваліся яны і агідныя рэчы робяць, няма таго, хто робіць дабро.
Бог зь нябёсаў глядзіць на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць там разумны, той, хто Бога шукае.
Бог глянуў з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які Бога шукае.
Усе адступіліся. Усе разам яны сапсаваныя. Там няма ніводнага, хто робіць дабро; няма нават ніводнага.
Усе адступіліся, усе разам нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма аніводнага!
Няўжо ня ўрымсьцяцца бяззаконьнікі, якія пажыраюць народ Мой, быццам яны ядуць хлеб? Яны Бога ня прызываюць.
Няўжо ня маюць пазнаньня ўсе злачынцы, якія народ мой зьядаюць, быццам хлеб ядуць, і Бога ня клічуць?
За тое апанаваў іх жах, дзе жаху ня было, бо Бог расьцярушыў косткі тых, хто акружыў цябе ваенным лягерам. Ты кінуў іх у сорам, бо Бог іх адкінуў.
Там яны будуць у страху вялікім, дзе няма страху, бо Бог раскідае косткі тых, якія паставілі табар [супраць] цябе, і ты асароміш іх, бо Бог іх адкінуў.
О, каб зь Сыёну прыйшлі бы паратункі Ізраэлю! Калі Бог скасуе палон народу Свайго, будзе ўрачыста радавацца Якуб, і радавацца Ізраэль.
Хто дасьць збаўленьне з Сыёну для Ізраіля? Калі Бог верне палонных народу Свайго, будзе радавацца Якуб і будзе весяліцца Ізраіль!