Псалтыр 51 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давідавы,
 
Кіраўніку хору. Псальм Давіда,

як прарок Натан прыйшоў да яго, пасьля таго, як ён увайшоў да Батсэбы.
 
калі прарок Натан прыйшоў да яго пасьля таго, як ён увайшоў да Батшэвы.

Зьлітуйся нада мною, Божа, паводля міласэрнасьці Тваёй ды паводля велічы літасьцівасьці Тваёй даруй мне бяззаконьні мае!
 
Зьлітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасьці Тваёй, і праз вялікую літасьць Тваю даруй правіны мае!

Абмый мяне ўсяго ад бяззаконьня майго і ад грэху майго ачысьці мяне,
 
Абмый мяне ўсяго ад беззаконьня майго і ачысьці мяне ад грэху майго.

бо я ведаю бяззаконьні мае, і грэх мой усьцяж перада мною.
 
Бо я ведаю правіну маю, і грэх мой перада мною заўсёды.

Перад Табой, Табой Адзіным зграшыў я і перад Вачамі Тваімі зрабіў ліхое я; — таму Ты будзеш справядлівы ў прысудзе Тваім і чысты ў судзе Тваім.
 
Супраць Цябе, толькі супраць Цябе саграшыў я і ліхое ўчыніў перад вачыма Тваімі, бо Ты праведны ў словах Тваіх і чысты ў судзе Тваім.

Дык вось! у бяззаконьні я народжаны, і ў грэху пачала́ мяне мая матка.
 
Вось, я ў беззаконьні нарадзіўся, і ў грэху зачала мяне маці мая.

І яшчэ! Ты маеш задавальненьне ад праўды ў сэрцы. І ў нутры маім Ты навучаеш мяне мудрасьці.
 
Вось, Табе даспадобы праўда ў нутры, дык дай мне пазнаць мудрасьць у сэрцы маім.

Адграшы мяне гізопам, так стану я чыстым. Абмый мяне, так стану я бялейшым за сьнег.
 
Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег.

Дай Ты мне пачуць радасьць і вясёласьць, так узрадуюцца косткі, якія Ты скрышыў.
 
Дай мне пачуць радасьць і вясёласьць, каб узьвесяліліся косткі, якія Ты скрышыў.

Адвярні Аблічча Тваё ад грахоў маіх і сатры ўсе мае бяззаконьні!
 
Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і прабач мне ўсе беззаконьні мае.

Ствары ўва мне, Божа, сэрца чыстае і духа справядлівага абнаві ўнутры мяне.
 
Сэрца чыстае ствары ў-ва мне, Божа, і дух упэўнены аднаві ў-ва мне.

Ня адкінь Ты мяне ад Аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога ня адбірай у мяне!
 
Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго і Духа Сьвятога Твайго не забірай у мяне!

Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго і духам добрай волі падмацуй мяне.
 
Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго, і духам шляхетным падтрымай мяне,

Я буду вучыць законапарушальнікаў шляхоў Тваіх, тады грэшнікі ве́рнуцца да Цябе.
 
і я буду навучаць адступнікаў шляхам Тваім, і грэшнікі вернуцца да Цябе.

Вызваль мяне ад крывавай віны, Божа, (Ты) Бог майго збаўленьня! Язык мой будзе ўрачыста славіць справядлівасьць Тваю.
 
Вызваль мяне ад [віны] за кроў, Божа, Бог выратаваньня майго, і язык мой будзе крычаць пра праведнасьць Тваю.

Мой Госпад, расчыні мае вусны, і рот мой будзе абвяшчаць хвалу Тваю,
 
Адчыні, Госпадзе, вусны мае, і вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Тваю.

бо Ты ня жадаеш ахвяры, інакш я даў бы яе (Табе), і цэласпаленьне ня люба Табе.
 
Бо Ты не жадаеш ахвяраў, хоць бы я іх даў, і цэласпаленьні не даспадобы Табе.

(А прыемная) Богу ахвяра — дух скрышаны; сэрцам злама́ным і скрышаным Бог ня пагрэбуе.
 
Ахвяра для Бога — скрышаны дух; сэрцам скрышаным і зламаным Ты, Божа, не пагарджаеш!

Учыні Сыёну добрае водля зычаньня Твайго. Збудуй муры Ярузаліму.
 
Рабі добрае Сыёну паводле ласкі Тваёй, збудуй муры Ерусаліму.

Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньне і цэласпаленьне. Тады ахвяруюць на Тваім ахвярніку маладых быкоў.
 
Тады будуць Табе даспадобы ахвяры праведнасьці, цэласпаленьні і ахвяры дасканалыя; тады быкоў узьнясуць на ахвярнік Твой.