Псалтыр 135 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
Хваліце — вы Ягову. Хваліце — вы Імя Яговы. Хваліце — вы, служкі Яговы,
Альлелюя! Хвалеце імя ГОСПАДА, хвалеце, слугі ГОСПАДА,
вы, што стаіце ў Доме Яговы, у панадворках Дому Бога нашага.
якія стаіцё ў Доме ГОСПАДА, у панадворках Дому Бога нашага!
Хваліце — вы Ягову, бо Ягова ёсьць добры. Сьпявайце хвалу (і грайце) Ягонаму Імю, бо Яно ёсьць прыемнае;
Хвалеце ГОСПАДА, бо добры ГОСПАД; выслаўляйце імя Ягонае, бо яно цудоўнае.
бо Ягова выбраў Сабе Якуба, Ізраэля на ўласнасьць Сваю.
Бо Якуба выбраў для Сябе ГОСПАД, Ізраіля — на ўласнасьць Сабе.
Бо я ведаю, што Ягова ёсьць вялікі, і наш Валадар (ёсьць) вышэй за ўсіх (ілжэ) багоў.
Бо ведаю я, што ГОСПАД вялікі, і Госпад наш — па-над усімі багамі.
Усё, што Ягове даспадобы, Ён робіць, на нябёсах і на зямлі, у морах і ва ўсіх глыбінях.
Усё, што даспадобы ГОСПАДУ, робіць Ён у небе і на зямлі, у моры і ў-ва ўсіх бяздоньнях.
Ён ўзьнімае аблокі ад краю зямлі, Ён робіць маланкі і дажджы, Ён выводзіць вецер са скарбніцаў Сваіх.
Ён уздымае хмары ад краю зямлі, робіць маланкі і дождж, выводзіць вецер са скарбніцы Сваёй.
Ён перабіў першародных Ягіпту, ад чалавека да жывёлы,
Ён пабіў першародных у Эгіпце, ад чалавека і да скаціны.
паслаў Знакі і Цуды сярод цябе, Ягіпце, супраць хвараону і ўсіх ягоных служак,
Ён паслаў знакі і цуды пасярод цябе, Эгіпце, над фараонам і ўсімі слугамі ягонымі.
Ён перабіў многіх паганаў і вынішчыў каралёў моцных,
Ён пабіў шматлікія народы і забіў валадароў магутных:
Сігона, караля амарэяў, і Ога, караля Башану, і (перабіў) усе каралеўствы Канаану,
Сыгона, валадара Амарэйскага, і Ога, валадара Башану, і ўсе валадарствы Ханаану.
а зямлю іхную аддаў на спадак, на спадак Ізраэлю, народу Свайму.
І аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму.
Ягова, Імя Тваё ў вяках вякоў, Ягова, памяць пра Цябе з роду ў род,
ГОСПАДЗЕ, імя Тваё на вякі! ГОСПАДЗЕ, памяць Твая з пакаленьня ў пакаленьне!
бо Ягова будзе судзіць народ Свой, і над служкамі Сваімі Ён будзе мець міласэрнасьць.
Бо ГОСПАД будзе судзіць народ Свой і пашкадуе слугаў Сваіх.
Балваны паганаў ёсьць срэбра і золата, творы рук чалавечых.
Ідалы народаў — срэбра і золата, творы рук чалавечых.
Яны маюць рот, але ня гавораць, яны маюць вочы, але ня бачаць,
Маюць вусны, і не гавораць, маюць вочы, і ня бачаць;
яны маюць вушы, але ня чуюць. І няма дыханьня ў роце іхным.
маюць вушы, і ня чуюць, і духу няма ў вуснах іхніх.
Падобнымі да іх ёсьць тыя, якія іх робяць, і кожны, хто спадзяецца на іх.
Падобныя да іх будуць тыя, што робяць іх, усе, хто на іх спадзяецца.
Доме Ізраэляў, багаслаўляйце Ягову! Доме Агарона, багаслаўляйце Ягову!
Доме Ізраіля, дабраслаўляйце ГОСПАДА! Доме Аарона, дабраслаўляйце ГОСПАДА!
Доме Ле́вія, багаслаўляйце Ягову! Вы, якія баіцеся Ягову, багаслаўляйце Ягову!
Доме Левія, дабраслаўляйце ГОСПАДА! Вы, што баіцёся ГОСПАДА, дабраслаўляйце ГОСПАДА!
Хай будзе багаславёны Ягова зь Сіёну, Які жыве ў Ярузаліме. Хваліце — вы Ягову!
Дабраслаўлёны ГОСПАД з Сыёну, Які жыве ў Ерусаліме! Альлелюя!