Псалтыр 87 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Сыноў Карэявых. Псальм. Песьня. Угрунтаваньне ягонае (Сыёна) на сьвятых гарах.
 
Сыноў Караха. Псальм. Сьпеў. Угрунтаваньне ягонае на гарах сьвятых.

Любіць Ягова брамы Сыёну больш за ўсе сялібы Якубавыя.
 
Любіць ГОСПАД брамы Сыёну больш за ўсе іншыя сялібы Якуба.

Слаўнае гаворыцца пра цябе, места Божае! Зэля.
 
Слаўныя [рэчы] сказаныя пра цябе, горад Божы! (Сэлях)

Успамяну Рагаў і Бабілён перад тымі, якія мяне ведаюць; вось! Пілістэя і Тыр з Ятыопіяй (скажуць): гэты нарадзіўся там.
 
Узгадаю пра Рагаў і Бабілон перад тымі, што ведаюць мяне. Вось, Філістына і Тыр разам з Кушам [скажуць]: «Гэты нарадзіўся там».

А пра Сыён будуць казаць: «той і той нарадзіўся ў ім.» І Найвышэйшы, Ён узмацніць яго.
 
А пра Сыён будуць казаць: «Той чалавек і той чалавек нарадзіўся ў ім, і Найвышэйшы ўзмацняе яго».

Ягова распавядзе пры перапісу народаў: «гэты народжаны тут». Зэля.
 
ГОСПАД палічыць, запісваючы народы: «Гэты нарадзіўся там». (Сэлях)

І тыя, хто сьпявае, і хто грае, (скажуць): «Усе мае крыніцы ў Табе.»
 
І тыя, што сьпяваюць, і тыя, што таньчаць, [скажуць]: «Усе крыніцы мае ў Табе!»