Псалтыр 22 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: на лад песьні: лань на досьвітку. Псальм Давідавы.
 
Кіраўніку хору: на лад “Ланя на сьвітаньні”. Псальм Давіда.

Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты пакінуў Мяне? Далёкі ад ратунку Майго, ад слоў стагна́ньня Майго?
 
Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў мяне, аддаліўся ад збаўленьня майго, ад словаў стагнаньня майго?

Божа Мой! Я клічу ўдзень, і Ты ня адказваеш, і ўначы, і няма Мне супакою.
 
Божа мой! Я клічу ўдзень, і Ты не адказваеш, і ўначы, і не супакойваюся.

Але Ты ёсьць Сьвяты, Ты ўсьсядаеш, як на троне, на хва́лах Ізраэлявых.
 
Але Ты — Сьвяты, Ты сядзіш па-над хвалою Ізраіля!

На Цябе спадзяваліся ба́цькі нашыя. Яны спадзяваліся, і Ты вызваляў іх.
 
На Цябе спадзяваліся бацькі нашыя, спадзяваліся, і Ты выратоўваў іх.

Да Цябе яны гукалі і былí выратаваныя. Яны спадзяваліся на Цябе і ня былí пасаромленыя.
 
Да Цябе крычалі яны і былі збаўленыя; на Цябе спадзяваліся і не былі асаромленыя.

Але Я чарвяк, а ня чалавек, зьнявага ў людзей і зганьбаваны народам.
 
А я — чарвяк, а не чалавек, зьневажаны людзьмі і пагарджаны народам.

Усе, хто бачаць Мяне, насьмяхаюцца нада Мною, крывячы вусны і ківаючы галовамі.
 
Усе, якія бачаць мяне, кпяць з мяне, крывячы вусны і ківаючы галовамі:

Ён спадзяваўся на Ягову! Дык няхай выратуе Яго, няхай вызваліць Яго, калі Ён даспадобы Яму!
 
«Ён усклаў [надзею] на ГОСПАДА! Дык няхай Ён выратуе яго, няхай вызваліць яго, калі яму спагадае!»

Але ж Ты вывеў Мяне з чэрава (матчынага), Ты даў Мне надзею ля пелькаў маткі Маёй.
 
Але Ты выцягнуў мяне з чэрава [маці], пры грудзях маці маёй [напоўніў] мяне спадзяваньнем.

На Цябе Я пакінены ад улоньня (маткі), ад чэрава маткі Маёй Ты ёсьць Мой Бог!
 
На Цябе я пакінуты ад улоньня [маці]; ад чэрава маці маёй Ты — мой Бог!

Ня аддаляйся ад Мяне, бо пакуты ўжо блізка, а памочніка няма.
 
Не аддаляйся ад мяне, бо блізка бяда, бо няма дапамогі!

Многа маладых быкоў вакол Мяне, магутныя Басанскія абступілі Мяне.
 
Мяне абступілі дужыя быкі, бугаі Башанскія атачылі мяне.

Яны разяўляюць ляпы свае на Мяне, быццам рыкаючы леў, які рве на шматкí.
 
Яны разявілі ляпы свае на мяне, быццам леў, які [прагне] здабычы і рыкае.

Я выліты, быццам, вада, і ўсе косткі Мае рассыпаны. Сэрца Маё ёсьць, як воск, растоплена ў Маім нутры.
 
Я выліўся, быццам вада, і разьдзяліліся ўсе косткі мае. Сталася сэрца маё як воск, растапілася ў нутры маім.

Сіла Мая высахла, як чарапок, язык Мой прыліп да паднябеньня Майго. І ў пыл сьмерці кладзеш Ты Мяне;
 
Высахла як чарапок сіла мая, язык мой прыліп да паднябеньня майго, і ў пыл сьмерці Ты кідаеш мяне.

бо сабакі Мяне атачылі, хэўра нянавісьнікаў абступіла Мяне. Яны прабілі Рукі Мае і Стопы Мае.
 
Бо сабакі абступілі мяне, грамада злачынцаў атачыла мяне, яны прабілі рукі мае і стопы мае.

Я магу пералічыць усе Мае косткі. Яны глядзяць і разглядаюць Мяне (як відовішча).
 
Можна палічыць усе косткі мае. Яны глядзяць, на мяне ўглядаюцца.

Яны дзеляць паміж сабою вопратку Маю, і аб рызе Маёй кíдаюць жэрабя.
 
Яны падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя.

Але Ты, Ягова, ня аддаляйся (ад Мяне)! Сіла Мая, пасьпяшай Мне на дапамогу!
 
Але Ты, ГОСПАДЗЕ, не аддаляйся ад мяне! Моцнасьць мая, пасьпяшайся мне на ўспамогу!

Выратуй ад меча Душу́ Маю, ад заваладаньня сабакамі адзінокую Маю.
 
Выратуй ад мяча душу маю, з пашчы сабак адзіную маю.

Выратуй Мяне ад пашчы ільва і ад рагоў буйвалаў. Бо Ты пачуў Мяне.
 
Збаў мяне з пашчы ільвінае, і з рагоў аднарога адкажы мне!

Буду абвяшчаць Імя Тваё братом Маім, сярод сходу буду славіць Цябе.
 
Дык я буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, сярод царквы буду хваліць Цябе.

Вы, што баіцёся Ягову, усхваляйце Яго! Усё насеньне Якубавае ўсхваляйце Яго; і бойцеся Яго ўсё насеньне Ізраэля;
 
Вы, якія баіцёся ГОСПАДА, хвалеце Яго! Усё насеньне Якуба, ушаноўвайце Яго, і бойся Яго, усё насеньне Ізраіля!

бо Ён ня пагардзіў і ня збрыдзіўся жа́льбаю ўбогага, і ня адвярнуў Аблічча Свайго ад яго. І калі ён гукаў да Яго, выслухаў яго.
 
Бо Ён не пагардзіў і ня брыдзіўся нэндзай прыгнечанага, і не схаваў аблічча Свайго ад яго, але пачуў яго, калі той галасіў да Яго.

Ты натхняеш мяне на славахваленьне ў сходзе вялікім. Маё ўрачыстае абяцаньне я споўню перад тымі, што баяцца Яго.
 
Пра Цябе хвала мая ў царкве вялікай; абяцаньне маё я споўню перад абліччам тых, якія баяцца Цябе.

Убогія будуць есьці і наяду́цца. Будуць хваліць Ягову тыя, што шукаюць Яго. Хай вечна жыве вашае сэрца!
 
Будуць есьці ўцісканыя і насыцяцца; будуць хваліць ГОСПАДА тыя, якія шукаюць Яго. Сэрца вашае будзе жыць вечна!

Успомняць і наве́рнуцца да Яговы ўсе канцы зямлі, і паклоняцца перад Табою ўсе плямёны паганаў,
 
Схамянуцца і зьвернуцца да ГОСПАДА ўсе канцы зямлі, і паклоняцца перад абліччам Тваім усе плямёны народаў.

бо Яговы ёсьць Валадараньне, і Ён валадарыць над народамі.
 
Бо ГОСПАДУ [належыць] валадараньне і панаваньне над народамі.

Будуць есьці і паклоняцца ўсе сытыя зямлі. Схіляцца перад Ім усе, што сходзяць у тло, і кожны, хто душу́ сваю ня можа ўтрымаць у жыцьці.
 
Будуць есьці і паклоняцца [перад Ім] усе заможныя зямлі; упадуць перад абліччам Ягоным усе, якія ў пыл зыходзяць і ня могуць захаваць пры жыцьці душу сваю.

Нашчадкі будуць служыць Яму. І будучае пакаленьне будзе прылічана да майго Госпада.
 
Насеньне [маё] будзе служыць Яму і будзе называцца Госпадавым у пакаленьні.

Яны прыйдуць і абвесьцяць Ягоную справядлівасьць народу, які народзіцца, што Ён (гэта) зрабіў.
 
Прыйдуць і будуць апавядаць народу, што мае нарадзіцца, праведнасьць Ягоную, бо Ён [такое] зрабіў.