Псалтыр 28 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Давідавы. Да Цябе, Ягова, гукаю я. Скала мая, ня адвярніся моўчкі ад мяне, бо калі Ты маўчыш з-за мяне, каб я ня ўпадобіўся тым, што зыходзяць у магілу.
 
Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, я клічу. Скала мая, не маўчы на мой [кліч], каб праз маўчаньне Тваё ня стаўся я падобным да тых, якія зыходзяць у магілу.

Пачуй голас маленьняў маіх, калі я да Цябе гукаю, калі я падымаю рукі мае да Сьвятога Сьвятых Тваёй Сьвятасьці.
 
Пачуй голас маленьня майго, калі я галашу да Цябе, калі ўзьнімаю рукі мае да давіру сьвятыні Тваёй.

Ня адкінь мяне зь бязбожнікамі і грэшнікамі, якія бліжняму свайму кажуць «мір», а ў сэрцы іхным ліха.
 
Не цягні мяне [да загубы] разам з бязбожнікамі і злачынцамі, якія кажуць: «Супакой» бліжнім сваім, а ў сэрцах сваіх ліхое [маюць].

Дай ім паводля іхных учынкаў і паводля ліхіх дзеяў іхных. Дай ім паводля ўчынкаў іхных рук; адплаці ім, чаго яны заслужылі!
 
Дай ім паводле справаў іхніх і паводле ліхоты ўчынкаў іхніх; паводле таго, што рабілі рукі іхнія, дай ім; аднагародзь ім за тое, што зрабілі яны.

Бо яны ня зважаюць на ўчынкі Яговы і на творы Рук Ягоных. Ён іх разбурыць і ня адбудуе.
 
Бо яны не разумеюць справаў ГОСПАДА і ўчынкаў рук Ягоных, дык Ён зруйнуе іх і не адбудуе.

Хай будзе праслаўлены Ягова, бо Ён пачуў голас маленьня майго!
 
Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён пачуў голас маленьня майго.

Ягова ёсьць мая сіла і мой шчыт. На Яго спадзяецца маё сэрца, і (Ён) мне дапамог. Таму ўрачыста радуецца маё сэрца. І я ўсхваляю Яго маёю песьняй.
 
ГОСПАД — моц мая і шчыт мой; на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён дапамог мне; і ўзрадавалася сэрца маё, і сьпевам маім буду славіць Яго.

Ягова ёсьць іхная сіла (народу Ягонага); і выратавальная абарона Ягонага памазанца ёсьць (Ён).
 
ГОСПАД — моц для нас; Ён — апора збаўленьня памазанца Ягонага.

Ратуй Твой народ і багаславі Тваю спадчыну, і пасі іх, і нясі іх у вечнасьць.
 
Збаў народ Твой і дабраславі спадчыну Тваю; пасьві іх і ўзьнімі іх на вякі.