Псалтыр 120 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Песьня ўзыходжаньня. У бядзе маёй я гукаў да Яговы, і Ён адказаў мне.
 
Сьпеў узыходжаньня. Да ГОСПАДА я клікаў у бядзе маёй, і Ён адказаў мне.

О Ягова, вызвалі душу маю ад вуснаў ілжы, ад языка хітраваньня.
 
ГОСПАДЗЕ, вызваль душу маю ад вуснаў хлусьлівых, ад языка здрадлівага.

О, язык падсту́пны, што яшчэ можа быць да́дзена альбо даба́ўлена да цябе?
 
Што дасьць табе і якую карысьць прынясе язык здрадлівы?

Хíба што вострыя стрэлы волата разам з палаючым вугольлем ядлоўца.
 
Вострыя стрэлы волата і вугольле ядлоўцавае.

Гора мне, што я прабываю ў Мешэху, што я жыву каля буданоў кідарскіх!
 
Гора мне, што я жыву ў Мэшэха, што я пасяліўся каля намётаў Кедару!

Лíшне доўга жыла душа мая каля тых, якія нянавідзяць мір.
 
Вельмі доўга душа мая жыла сярод тых, што ненавідзяць супакой.

Я — мір, але як я загавару, яны — за вайну.
 
Я — [сам] супакой; але, як толькі прамоўлю, яны [пачынаюць] вайну.