Псалтыр 44 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору. Сыноў Карэявых навучальная песьня.
Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Навучаньне.
Божа, мы чулі вушамі сваімі. Ба́цькі нашыя апавядалі нам пра дзею, якую Ты ўчыніў у дні іхныя, у дні даўнейшыя.
Божа! Вушамі нашымі мы чулі, бацькі нашыя нам абвясьцілі пра справы, якія Ты ўчыніў у дні іхнія, у дні старадаўнія.
Ты Сам Тваёй Рукою прагнаў пага́наў, а іх (ба́цькаў) насадзіў; Ты вынішчыў плямёны народаў і выгнаў іх;
Ты рукою Тваёю вырваў паганаў, а іх пасадзіў; вынішчыў народы, а іх разрасьціў.
бо ня ме́чам сваім яны (ба́цькі) узялі зямлю ў валоданьне, і ня рука іхная ратавала іх, але Твая Правіца і Твая Рука, і Сьвятло Твайго Аблічча, таму што Ты меў да іх спрыяньне.
Бо не мячом сваім яны ўзялі на ўласнасьць зямлю, не рамяно іхняе збавіла іх, але правіца Твая і рамяно Тваё, і сьвятло аблічча Твайго, бо Ты меў ласку да іх.
А Ты Божа — Кароль мой, (дык) дай ратунак Якубу!
Ты — Валадар мой, о Божа! Дык загадай, [каб прыйшло] збаўленьне Якубу!
З Табою мы зрына́ем нашых ворагаў, з Тваім Імем мы топчам тых, хто паўстае супраць нас;
Праз Цябе мы паб’ем прыгнятальнікаў нашых, праз імя Тваё стопчам тых, што паўстаюць супраць нас.
бо ня на лук свой я спадзяюся, і ня меч мой уратуе мяне,
Бо не на лук спадзяюся я, і меч мой ня збавіць мяне,
бо Ты ратаваў нас ад нашых ворагаў, і Ты пасароміў нашых нянавісьнікаў.
але Ты збавіў нас ад прыгнятальнікаў нашых і асароміў тых, што нас ненавідзяць.
У Богу мы хвалімся ўвесь дзень, і Імю Твайму мы будзем дзякаваць вечна. Зэля.
У Богу мы хвалімся ўсе дні, і імя Тваё навекі будзем славіць! (Сэлях)
Але ад сёньня Ты адкінуў нас і пасароміў нас, і ня выходзіш з войскам нашым.
Але Ты нас пакінуў і нас асароміў, і не выходзіш разам з войскамі нашымі.
Ты змусіў нас уцякаць ад ворага, і нашы нянавісьнікі рабуюць (нас) для сябе.
Ты павярнуў нас наўцёкі перад прыгнятальнікамі нашымі, а ненавісьнікі нашыя нас зрабавалі.
Ты аддаеш нас на поед, як авечкі, і расьцярушыў нас сярод паганаў.
Ты нас аддаў, як авечак, каб нас паелі, і расьцярушыў нас між паганаў.
Ты прадаеш народ Твой за мізер і ня павысіў ягонай цаны.
Ты прадаў народ Твой за марную плату і не падняў кошту яго.
Ты аддаеш нас на ганьбу нашым суседзям, на зьдзек і зьнявагу тым, хто вакол нас.
Ты выставіў нас на ганьбаваньне суседзям нашым, на кпіны і насьмешкі тых, што навокал нас.
Ты зрабіў нас прыказяй сярод паганаў, на пагардлівае ківаньне галавою сярод народаў.
Ты ў прыказку ўвёў нас сярод паганаў, і народы ківаюць галовамі [над намі].
Ганьба мая ўвесь дзень перада мною, і сорам аблічча майго пакрывае мяне
Увесь дзень ганьба мая перада мною, і сорам аблічча майго пакрывае мяне
ад голасу зьняважніка і багахульніка, ад (голасу) ворага і помсньніка.
бо [чую] голас тых, якія зьневажаюць і лаюць мяне, бо [бачу] аблічча ворага і мсьціўцы.
Усё гэта прайшло над намі, але мы Цябе ня забыліся, і ня паступалі хвальшыва адносна Запавету Твайго.
Усё гэта прыйшло на нас, хоць мы не забыліся на Цябе і ня здрадзілі запавету з Табою.
Сэрца нашае ня пахіснулася назад, і ня збочылі са сьцежкі Тваёй ногі нашыя,
Не адступілася сэрца нашае і не адхіляліся крокі нашыя ад шляху Твайго,
хаця Ты скрышыў нас у зямлі шакалаў і акрыў нас ценем сьмяротным.
хоць Ты скрышыў нас у месцы цмокаў і накрыў нас ценем сьмерці.
Калі б мы забылі Імя Бога нашага, і калі б мы працягнулі рукі нашыя да бога чужога,
Калі б мы забыліся імя Бога нашага і цягнулі рукі нашыя да бога чужога,
дык ці ня спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцы сэрца.
ці ж бы Бог не дазнаўся пра гэта? Бо Ён ведае таямніцы сэрца!
Бо за Цябе забіваюць нас кожны дзень. Нас лічаць за авечкі на забой.
Бо за Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас за авечак на зарэз.
Прачніся! Чаму сьпіш Ты, мой Госпад? Прачніся! Ня адкідай нас назаўсёды!
Збудзіся! Чаму сьпіш, Госпадзе? Абудзіся, не пакінь нас навекі!
Чаму хаваеш Ты Аблічча Тваё, забываеш пра нашую бяду і наш уціск? —
Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё, забываешся на пакуты і прыгнечаньне нашае?
бо нашая душа прыгну́та ў пыл. Чэрава нашае прыпадае да зямлі.
Бо ўкінута ў пыл душа нашая, прыляпілася да зямлі нутро нашае.
Паўстань нам на дапамогу, і вызвалі нас — дзеля міласэрнасьці Тваёй!
Паўстань на ўспамогу нам, выбаў нас дзеля міласэрнасьці Тваёй!