Псалтыр 9 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: на лад песьні: Памры за сына. Псальм Давідавы.
 
Кіраўніку хору: на лад Мутлябэн. Псальм Давіда.

Буду славіць Ягову ад усяго сэрца; усе цуды Твае абвяшчаціму.
 
Буду славіць ГОСПАДА ад усяго сэрца майго, буду абвяшчаць усе цуды Твае!

У Табе буду радавацца і весяліцца, выслаўляціму Імя Тваё, о, Найвышэйшы,
 
Буду радавацца і весяліцца ў Табе, буду выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы!

бо ворагі мае ўцякаюць, спатыкаюцца і гінуць перад Абліччам Тваім.
 
Калі ворагі мае павернуць назад, яны спатыкнуцца і загінуць перад абліччам Тваім.

Бо Ты ўчыніў суд мой і справу маю завяршыў; Ты сядзіш на Пасадзе, як справядлівы Судзьдзя.
 
Бо Ты правёў суд мой і [разгледзеў] справу маю, Ты сеў на пасадзе таго, хто судзіць праведна.

Ты ўгнявіўся на паганаў, зьнішчыў бязбожнага; імя іхнае зруйнаваў на вякі вякоў.
 
Ты ўтаймаваў народы, Ты зьнішчыў бязбожніка, імя іхняе сьцёр на вякі вечныя.

Ворагі зьнішчаны — руіна навекі; і месты разбурыў Ты, счэзла і памяць аб іх.
 
Вораг спустошаны, канец яму назаўсёды. І гарады [ягоныя] Ты зруйнаваў, памяць пра іх зьнішчана.

Але Ягова прабывае на векі; Ён прыгатаваў Пасад Свой дзеля суду.
 
А ГОСПАД сядзіць [на пасадзе] на вякі; Ён паставіў пасад Свой дзеля суду,

І Ён будзе судзіць гэты сьвет паводля справядлівасьці, і будзе судзіць народы паводля праўды.
 
і Ён будзе судзіць сусьвет паводле праведнасьці і змагацца з народамі паводле справядлівасьці.

І будзе Ягова прытулкам для прыгнечаных, прытулкам у час тугі.
 
І будзе ГОСПАД умацаваным замкам для прыгнечанага, умацаваным замкам у час трывогі.

І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што ведаюць Імя Тваё, бо Ты, Ягова, ня пакідаеш тых, хто шукае Цябе!
 
І будуць спадзявацца на Цябе тыя, якія ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, хто шукае Цябе, ГОСПАДЗЕ!

Сьпявайце хвалу Ягове, Які жыве на Сыёне, апавядайце між народамі ўчынкі Ягоныя!
 
Выслаўляйце ГОСПАДА, Які сядзіць на Сыёне, апавядайце між народамі ўчынкі Ягоныя!

Бо Той, Хто спаганяе за кроў, успомніў пра іх: Ён ня забыўся пра плач прыгнечаных.
 
Бо Ён шукае [тых, што пралілі] кроў, памятае пра іх, Ён не забыўся пра крык уцісканых.

Зьлітуйся нада мною, Ягова! Глянь на бядоту маю ад маіх нянавісьнікаў, — Ты, што падыймаеш мяне ад брамаў сьмерці,
 
Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ! Глянь на пакуты мае ад тых, якія ненавідзяць мяне, Ты, Які падымаеш мяне ад брамы сьмерці,

каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёнавай і радаваўся са збаўленьня Твайго.
 
каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёну і радаваўся ў збаўленьні Тваім.

Паўваліваліся пагане ў яму, што самі выкапалі; у сетку, што ўкрадкам паставілі, ублуталася нага іхная.
 
Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі; у сетку, якую схавалі, патрапіла нага іхняя.

Ягова даў спазнаць Сябе, учыніўшы суд; ва ўчынках рук сваіх заблытаўся бязбожнік. (Зэля).
 
ГОСПАД даў пазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся бязбожнік. (Разважаньне. Сэлях)

Няхай сыйдуць грэшнікі ў пекла, усе народы, што забываюць Бога.
 
Зыйдуць бязбожнікі ў пекла, усе пагане, якія забыліся пра Бога.

Бо ня на векі будзе забыты ўбогі, і надзея няшчасьлíвых ня згіне назаўсёды.
 
Бо не назаўсёды забыты будзе бедны, надзея прыгнечаных ня згіне навекі.

Паўстань, Ягова, ня дай чалавеку здабыць перавагу; хай будуць суджаны пагане перад Абліччам Тваім.
 
Паўстань, ГОСПАДЗЕ, ня дай чалавеку мець перавагу; пагане будуць суджаныя перад абліччам Тваім!

Навядзі, Ягова, страх на іх! няхай пазнаюць пагане, што яны людзі! (Зэля).
 
Напусьці жах на іх, ГОСПАДЗЕ, каб пазналі пагане, што яны — людзі! (Сэлях)