Псалтыр 107 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дзякуйце Ягове, бо (Ён ёсьць) Добры, бо Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі.
 
Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!

Хай так скажуць збаўленыя Яговы, якіх Ён збавіў з рукі ворага,
 
Няхай гэтак скажуць выкупленыя ГОСПАДАМ, якіх Ён выкупіў з рукі прыгнятальніка

і якіх Ён сабраў зь земляў, ад усходу і ад захаду, ад поўначы і ад мора.
 
і сабраў з земляў з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора.

Яны блукалі ў пустэльні па бяздарожжу; (І) ня знайшлі места для жыцьця;
 
Яны блукалі па пустыні, па бязьлюдзьдзі, шляху да гораду, дзе будуць жыць, не знайшлі.

яны цярпелі голад і смагу; душа іхная ў іх зьнямагла́ся;
 
Былі галоднымі і сасьмяглымі, душа іхняя ў іх зьнемаглася.

дык яны загукалі да Яговы ў тузе сваёй, (і) Ён вызваліў іх зь бедаў іхных,
 
І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

і павёў іх простым шляхам, каб яны прыйшлі ў места жытла (свайго):
 
І павёў Ён іх шляхам простым, каб прыйшлі да гораду, дзе будуць жыць.

хай яны вызнаюць удзячнасьць Ягове за Ягоную Міласэрнасьць і за Ягоныя Цудадзеі сынам чалавечым,
 
Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых,

бо Ён насычае душу спрагнёную і напаўняе дабром душу галодную.
 
бо Ён насыціў душу спрагнёную і душу галодную напоўніў дабром.

Яны сядзелі ў цемры і ў цяню сьмерці, скаваныя бядою і жалезам,
 
Яны сядзелі ў цемры і ў ценю сьмерці, увязьненыя пакутамі і жалезам,

бо яны бунтавалі супраць Слоў Бога і зьняважалі Раду Найвышэйшага,
 
бо яны бунтаваліся супраць словаў Бога і радай Найвышэйшага пагрэбавалі.

так што Ён упакорыў іхнае сэрца бядою, яны спаткнуліся, і ня было ім памочніка;
 
І Ён упакорыў сэрца іхняе нядоляй; яны спатыкнуліся, і не было дапамогі.

яны крычэлі да Яговы ў тузе сваёй, (і) Ён выратаваў іх зь бедаў іхных;
 
І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

Ён вывеў іх зь цемры і ценю сьмерці і парваў кайданы іхныя:
 
Ён вывеў іх з цемры і ценю сьмерці, і кайданы іхнія парваў.

хай яны вызнаюць удзячнасьць Ягове за Міласэрнасьць Ягоную і Ягоныя Цудадзеі сынам чалавечым,
 
Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых,

бо Ён паламаў брамы медныя і скрышыў засаўкі жалезныя.
 
бо Ён скрышыў брамы мядзяныя і расьсек засаўкі жалезныя.

Няразумныя, яны цярпелі плягі на шляху свайго бяззаконьня і за нясправядлівасьці свае;
 
Яны [былі] неразумнымі на шляху правінаў сваіх і за беззаконьні свае пакутавалі.

душа іхная грэбавала ўсякай ежай, і яны падыйшлі да брамаў сьмерці,
 
Усякая ежа абрыдла душы іхняй, і блізка былі яны ад брамаў сьмерці.

яны крычэлі да Яговы ў тузе сваёй, (і) Ён выратаваў іх зь бедаў іхных;
 
І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

Ён пасылаў Сваё Слова і лячыў іх, і Ён вырваў іх з магілаў іхных:
 
Ён паслаў слова Сваё, і аздаравіў іх, і выбавіў іх ад магілы.

хай яны вызнаюць удзячнасьць Ягове за Міласэрнасьць Ягоную і Ягоныя Цудадзеі сынам чалавечым,
 
Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых!

хай апавяшчаюць Справы Ягоныя з урачыстасьцю.
 
Няхай ахвяруюць ахвяры падзякі, і няхай абвяшчаюць з радасьцю пра дзеяньні Ягоныя!

Тыя, што пусьціліся на караблях у мора, на вялікіх водах вялі работу,
 
Тыя, што зыходзілі на мора на караблях і вялі справы на водах вялікіх,

яны бачылі Ўчынкі Яговы і Ягоныя Цудадзеі ў глыбінях,
 
яны бачылі справы ГОСПАДА і цуды Ягоныя ў глыбінях.

як Ён сказаў, дык узьняў штормавы вецер, які высака ўзьняў ягоныя (мора) хвалі;
 
Ён сказаў, і стаўся вецер бурны, і ўзьняліся хвалі,

і яны ўзьнімаліся то да неба, то ападалі ў глыбíні; (і) душа іхная растае́ ў горы;
 
і яны ўздымаюцца пад неба, і падаюць у бяздоньне; душа іхняя ў [гэтым] ліху млее,

яны хістаюцца і спатыкаюцца, як п’яны, і ўся іхная мудрасьць становіцца ў нішто;
 
бадзяюцца і хістаюцца, як п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя марная.

і яны загукалі да Яговы ў бядзе сваёй, (і) Ён вывеў іх зь іхных бедаў;
 
І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

Ён ператварыў буру ў цішыню, так што іхныя (прыгнятальнікаў) хвалі ўлягліся;
 
Ён перамяніў буру ў цішу, і суцішыліся хвалі.

і яны ўзрадаваліся, што хвалі суцішыліся, і Ён прывёў іх да жаданае прыстані:
 
І ўзрадаваліся яны, што [ўсё] сьціхла, і Ён іх прывёў да жаданай прыстані.

хай яны вызнаюць удзячнасьць Ягове за Міласэрнасьць Ягоную і Ягоныя Цудадзеі сынам чалавечым,
 
Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых!

і няхай яны ўзвышаюць Яго ў сходзе народу, і на пасяджэньні старэйшынаў хай славяць Яго.
 
Няхай вывышаюць Яго ў зборы народу і паміж старшыняў няхай хваляць Яго!

Ён ператварае рэкі ў пустэльню і крыніцы водаў у смагнучую зямлю,
 
Ён перамяніў рэкі ў пустыню і крыніцы водаў — у сухую зямлю,

пладавітую зямлю ў саланчак за бязбожнасьць тых, хто на ёй жыве.
 
і ўрадлівую зямлю — у салёную, за ліхоту тых, што жывуць на ёй.

Ён пераварачае пустэльню ў возера, а сухую зямлю — ў крыніцу вады,
 
Ён перамяніў пустыню ў возера водаў і сухую зямлю — у крыніцы водаў,

і Ён пасяляе там галадаючых, і яны засноўваюць места для жытла.
 
і там пасяліў галодных, і яны паставілі горад, дзе будуць жыць,

І яны засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, і тыя даюць ім багатыя плады;
 
і засеялі палі, і пасадзілі вінаграднік, і атрымалі плод багаты.

і Ён багаслаўляе іх, і яны вельмі множацца, і статак жывёлы іхнай ня памяншаецца.
 
І Ён дабраслаўляў іх, і яны множыліся вельмі; і не зьмяншалася ў іх скаціны.

І зноў яны становяцца малаколькаснымі і прыгнечанымі ад прыгнёту, няшчасьця і пакуты.
 
Але [пасьля] іх паменшала, і яны схіліліся пад цяжарам ліхоты і смутку.

Ён вылівае зьнявагу на (іхных) князёў і пакідае іх блукаць у пустэльні па бяздарожжу;
 
Ён вылівае пагарду на князёў і кідае іх блукаць па пустках без дарогі.

Ён падыймае ўбогага зь бяды і памнажае плямёны (іхныя), як авечкі.
 
Ён падымае прыгнечанага з нэндзы, і робіць плямёны як [чароды] авечак.

Справядлівыя бачаць гэта і радуюцца, а ўсякае бяззаконьне закрывае свой рот.
 
Убачаць гэта правыя і ўзьвесяляцца; і ўсякая несправядлівасьць закрые вусны свае.

Хто мудры хай гэта заўважыць, і хай яны ўважліва зважаюць на літасьці Яговы.
 
Хто мудры, той гэта захавае, і зразумее міласэрнасьць ГОСПАДА!