Псалтыр 118 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дзякуйце Ягове, бо (Ён ёсьць) добры, бо Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі.
 
Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!

Хай сёньня скажа Ізраэль, што Ягоная Міласэрнасьць трывае на ве́кі.
 
Няхай скажа Ізраіль, што на вякі міласэрнасьць Ягоная!

Хай сёньня скажа дом Агарона, што Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі.
 
Няхай скажа дом Аарона, што на вякі міласэрнасьць Ягоная!

Хай скажуць сёньня, хто баіцца Яговы, што Міласэрнасьць Ягоная трывае на ве́кі.
 
Няхай скажуць тыя, што баяцца ГОСПАДА, што на вякі міласэрнасьць Ягоная!

З уціску паклікаў я Ягову, прасторам адказаў мне Ягова.
 
У муках клікаў я ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, Госпад [вывеў мяне] на вольны прастор.

Ягова за мяне; я ня буду баяцца. Што зробіць мне чалавек?
 
ГОСПАД са мною, я не баюся. Што зробіць мне чалавек?

Ягова за мяне сярод памагаючых мне. І я ўбачу (пагíбель) нянавідзячых мяне.
 
ГОСПАД са мною, Ён — дапамога мая, і я буду глядзець [на загубу] тых, што мяне ненавідзяць.

Лепш знайсьці прытулак у Яговы, чым спадзявацца на людзей.
 
Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на чалавека.

Лепш знайсьці прытулак у Яговы, чым спадзявацца на князёў.
 
Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на магнатаў.

Усе пагане акружылі мяне, але Імем Яговы я адсек іх (ад мяне).
 
Усе народы мяне абступілі, але імем ГОСПАДА я перамог іх.

Яны абступілі мяне, сапраўды, акружылі мяне, але Імем Яговы я адсек іх (ад мяне).
 
Абступілі мяне, абступілі, але імем ГОСПАДА я перамог іх.

Яны абселі мяне, як пчолы (соты), і згасьлі яны, як агонь у церне. Але Імем Яговы я адсек іх (ад мяне).
 
Абселі мяне, быццам пчолы, і згарэлі яны, як агонь з цярніны, бо імем ГОСПАДА я перамог іх.

Моцна штурхну́лі мяне, каб я паваліўся. Але Ягова дапамог мне.
 
Пхаючы, папхнулі мяне, каб я ўпаў, але ГОСПАД дапамог мне.

Ягова ёсьць сіла мая і песьня мая. І Ён стаўся мне выратава́ньнем.
 
ГОСПАД — моц мая і песьня мая, Ён стаўся збаўленьнем маім.

Голас радасьці і выратаваньня ў палатках праведнікаў: Правіца Яговы робіць мужную і верную прыхільнасьць.
 
Голас радасьці і збаўленьня — у намётах праведнікаў. Правіца ГОСПАДА зьявіла сілу.

Правіца Яговы ўзвышана; Правіца Яговы робіць мужную і верную прыхільнасьць.
 
Правіца ГОСПАДА ўзьнесена, правіца ГОСПАДА зьявіла сілу.

Я ня памру, але буду жыць і распавядаць пра Дзеі Яговы.
 
Не памру, але буду жыць і буду абвяшчаць пра дзеяньні ГОСПАДА.

Моцна пакараў мяне Ягова, але сьмерці Ён мяне ня аддаў.
 
Караючы, пакараў мяне ГОСПАД, але сьмерці мяне не аддаў.

Адчыніце мне Брамы Праведнасьці: я ўвайду праз іх, вызнаю хвалу Ягове.
 
Адчыніце мне брамы праведнасьці; я ўвайду праз іх і буду славіць ГОСПАДА.

Гэта ёсьць Брама Яговы: праведнікі ўвойдуць празь яе.
 
Вось брама ГОСПАДА; праведнікі ўвойдуць праз яе.

Я буду выхваляць Цябе, бо Ты выслухаў мяне і стаўся паратункам маім.
 
Буду славіць Цябе, бо Ты адказаў мне і стаўся збаўленьнем маім!

Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла.
 
Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.

Ад Яговы сталася гэта, (і) гэта дзіўна ў вачах нашых.
 
Ад ГОСПАДА гэта сталася, і [гэта] цуд у вачах нашых!

Гэта ёсьць дзень, які ўчыніў Ягова. Давайце будзем радавацца і весяліцца ў ім.
 
Вось дзень, які стварыў ГОСПАД; будзем весяліцца і радавацца ў ім!

О Ягова, ратуй сёньня! О Ягова, сёньня пашчасьці!
 
Прашу, ГОСПАДЗЕ, збаў цяпер! Прашу, ГОСПАДЗЕ, дай посьпех цяпер!

(Хай будзе) багаславёны Той, Хто ідзе ў Імя Яговы. Багаслаўляем вас з Дому Яговы.
 
Дабраслаўлёны той, хто прыходзіць у імя ГОСПАДА; мы дабраслаўляем вас з Дому ГОСПАДА.

Ягова ёсьць Бог, і Ён даў нам Сьвятло. Вяжыце сьвяточную ахвяру вяроўкамі да рагоў ахвярніка.
 
ГОСПАД ёсьць Бог, Ён асьвятліў нас; прывяжыце вяроўкамі сьвяточную [ахвяру] да рагоў ахвярніку!

Ты мой Бог, і я буду Цябе славіць. Божа мой, я буду Цябе ўзвышаць.
 
Ты — Бог мой, Цябе я буду славіць, Цябе, Божа мой, вывышаць!

Хваліце вы Ягову, бо (Ён ёсьць) добры. Бо Міласэрнасьць Ягоная (трывае) вечна.
 
Слаўце ГОСПАДА, бо Ён — добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!