Псалтыр 109 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Псальма Давідава. Божа хвалы мае! не маўчы;
 
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Божа, хвала мая, не маўчы!

Бо вусны нягодныя а вусны ізрадлівыя рашчыніліся на мяне; гукаюць із імною языком манлівым;
 
Бо вусны бязбожныя і вусны здрадлівыя расчыніліся супраць мяне, гавораць са мною языком хлусьлівым.

Словамі ненавіднасьці абступаюць мяне й ваююць із імною бязь віны.
 
І словамі нянавісьці атачылі мяне, і ваююць супраць мяне без прычыны.

За любоў маю яны працівяцца імне, але я малюся.
 
За любоў маю яны супрацьстаяць мне, а я малюся.

І аддавалі імне ліхам за добро й ненавіднасьцяй за любоў маю.
 
Яны заплацілі мне злом за дабро, і нянавісьцю — за любоў маю.

Прызнач над ім нягодніка, і няхай праціўнік стаіць па правай руццэ ягонай;
 
Пастаў над ім бязбожніка, і шатан няхай стане праваруч яго;

Як яго будуць судзіць, няхай выйдзе нягоднікам, і малітва ягоная хай стане грэхам;
 
калі будзе суджаны, няхай будзе як бязбожнік, а малітва ягоная няхай станецца грэхам.

Хай будуць дні ягоныя нячысьленыя, урад ягоны возьме іншы;
 
Няхай дні ягоныя будуць кароткія, а ўрад ягоны няхай возьме іншы.

Няхай дзеці ягоныя будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою;
 
Няхай сыны ягоныя будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою.

Хай Дзеці ягоныя будуць кажначаснымі валацугамі, і просяць, і няхай яны шукаюць із пусташаў сваіх;
 
Няхай будуць выгнаныя як выгнанцы сыны ягоныя, і няхай жабруюць і шукаюць [хлеба] на руінах сваіх!

Няхай пазычэньнік захопе ўсе, што ён мае, і няхай чужнікі заглабаюць працу ягоную;
 
Няхай захопіць ліхвяр усё, што яму належыць, і няхай чужынцы захопяць працу ягоную.

Няхай ніхто ня зробе яму ласкі ані будзе каму прыяць сіротам ягоным;
 
Няхай ня будзе нікога, хто яму зьявіць міласэрнасьць, і няхай ня будзе таго, хто зьлітуецца над сіротамі ягонымі.

Патомства ягонае няхай будзе адцята; у наступным пакаленьню няхай будзе сьцерта імя іхнае;
 
Насеньне ягонае няхай будзе зьнішчана; у пакаленьні наступным няхай будзе выкрэсьленае імя ягонае!

Няхай успомніцца СПАДАРУ бяспраўе бацькоў ягоных, і грэх маці ягонае няхай не затрэцца;
 
Няхай будзе ўзгаданае беззаконьне бацькоў ягоных перад ГОСПАДАМ, і грэх маці ягонай няхай ня будзе змыты!

Няхай яны будуць перад СПАДАРОМ кажначасна, каб адцяў ізь зямлі памяць іхную;
 
Няхай будуць яны перад ГОСПАДАМ заўсёды, і няхай Ён вынішчыць на зямлі памяць пра яго,

Бо ён ня помнеў рабіць ласку, але перасьледаваў убогага а беднага а зьнемарашчанага сэрцам, каб зрабіць сьмерць.
 
бо ён ня памятаў, каб чыніць міласэрнасьць, і перасьледаваў чалавека беднага, і прыгнечанага, і з сэрцам зламаным, каб забіць яго.

І ўлюбіў ён кляцьбу, — і прыйдзе яна на яго; як ён не любаваўся ў дабраславенстве, так хай здаліцца яно ад яго.
 
Любіў ён праклён, і ён прыйдзе на яго! Не было даспадобы яму дабраслаўленьне, і яно будзе далёка ад яго!

Як ён адзяваўся кляцьбою, як адзецьцям сваім, так хай прыйдзе яна, як вада, у нутр ягоны і, як алей, у косьці ягоныя.
 
І ён апранецца ў праклён, быццам у шату сваю, і [праклён] увойдзе, як вада, у нутро ягонае, і як алей — у косткі ягоныя!

Няхай яна будзе яму, як адзецьце, каторым ён ахінаецца, і, як пояс, каторым кажначасна папяразуецца.
 
Няхай будзе для яго як адзеньне, у якое ён апранаецца, і як пас, якім заўсёды падпярэзваецца!

Во гэта плата ад СПАДАРА праціўнікам маім і тым, што гукаюць благое на душу маю.
 
Гэткая будзе плата ад ГОСПАДА для тых, што супрацьстаяць мне, і для тых, што благое гавораць супраць душы маёй!

Але Ты, СПАДАРУ — Спадар, абыйдзіся з імною дзеля імені Свайго, бо добрае міласэрдзе Твае, і выбаві мяне,
 
А Ты, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, учыні са мною дзеля імя Твайго, і выратуй мяне, бо добрая міласэрнасьць Твая,

Бо я ўбогі а бедны, і сэрца мае ранена ў імне.
 
бо я бедны і прыгнечаны, і сэрца маё ў нутры маім зранена.

Я хадзіў, як сьцень, калі ён сьхінаецца; мяне атрасаюць, як шаранчу.
 
Я зыходжу, як цень, што зьнікае; ганяюць мяне, як саранчу.

Калені мае сьхінаюцца ад посту, і цела мае спабылося туку.
 
Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё ссохла без алею.

Я стаў пасьмехам ім; яны глядзелі на мяне, яны ківалі галавамі сваімі.
 
І я стаўся ганьбаю для іх, яны глядзяць на мяне, ківаючы галовамі сваімі.

Памажы імне, СПАДАРУ, Божа мой, спасі мяне подле міласэрдзя Свайго,
 
Дапамажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Збаў мяне паводле міласэрнасьці Тваёй!

І пазнаюць, што гэта рука Твая, Ты СПАДАРУ, учыніў гэта.
 
І даведаюцца яны, што гэта рука Твая, што Ты, ГОСПАДЗЕ, зрабіў гэта!

Няхай яны клінуць, але Ты дабраслаў; як яны паўстаюць, няхай будуць пасаромлены, але слуга Твой хай цешыцца.
 
Яны праклінаюць, а Ты дабраславі! Яны паўстаюць [супраць мяне], і будуць асаромленыя, а слуга Твой няхай узрадуецца!

Няхай праціўнікі мае адзенуцца ў сорам і няхай ахінуцца ганьбаю, як ахілімам.
 
Няхай апрануцца ў зьнявагу тыя, што супрацьстаяць мне, і ахінуцца, быццам плашчом, у сорам свой!

Буду вельмі выхваляць СПАДАРА вуснамі сваімі і меж множасьці буду выхваляць Яго;
 
Я буду гучна славіць ГОСПАДА вуснамі маімі і сярод мноства [народу] буду хваліць Яго,

Бо Ён стане па правіцы беднага, каб вывальніць яго ад тых, што засуджаюць душу ягоную.
 
бо Ён стаіць праваруч прыгнечанага, каб збавіць яго ад тых, што асуджаюць душу ягоную.