Псалтыр 32 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Давідава. Навука. Шчасьлівы, каму дараваны выступ, каму пакрыты грэх.
Навучаньне Давіда. Шчасьлівы, каму дараваная правіна, каму пакрыты грэх.
Шчасьлівы чалавек, катораму не паліча СПАДАР бяспраўя, і ў каторага духу няма ашукі.
Шчасьлівы чалавек, якому не палічыў ГОСПАД беззаконьняў, і ў духу якога няма нядбальства.
Як я маўчэў, зьвялі косьці мае, як стагнаў цэлы дзень;
Калі я маўчаў, ссохлі косткі мае ў штодзённым стагнаньні маім,
Бо дзень і ноч цяжарыла над імною рука Твая, абярнулася вогкасьць мая ў летны сухмень. Сэля.
бо дзень і ноч абцяжарвала мяне рука Твая; сокі мае высахлі, быццам у летнюю сьпёку. (Сэлях)
Свой грэх я вызнаў Табе, бяспраўя свайго ня прыкрыў: я сказаў: «Выспавядаюся з выступаў сваіх СПАДАРУ»; і Ты дараваў бяспраўе грэху майго. Сэля.
Грэх мой я паведаміў Табе і не схаваў беззаконьня майго. Я сказаў: «Вызнаю ГОСПАДУ правіны мае», і Ты дараваў мне віну грэху майго. (Сэлях)
Затым памоліцца кажны дабрачэсьлівы Табе ў належную пару, і ў паводку вялікіх водаў яго не дасягнуць яны.
Таму кожны багабойны будзе маліцца да Цябе ў часе, калі можна знайсьці Цябе; нават калі разальюцца воды вялікія, яны не дакрануцца яго.
Ты схоў імне; Ты бароніш мяне ад бяды, песьняю выбаўленьня Ты ахінаеш мяне. Сэля.
Ты — заслона мая! Ты мяне ад бяды захаваеш, радасьцю выратаваньня аточыш мяне. (Сэлях)
Я наўчу цябе і пакажу табе дарогу, па каторай маеш ісьці; Я буду радзіць табе Сваім вокам.
«Навучу цябе і пакажу табе шлях, па якім ты павінен ісьці, дам табе раду, бо вока Маё над табою».
Ня будзьце, як конь альбо мул без разуменьня, абратаць а кілзаць надабе яго, каб удзяржаць яго, каб не дабліжыўся да цябе.
Ня будзьце, як конь і як мул, якія разуменьня ня маюць, якіх трэба аздобай іхняю, аброцьцю і цуглямі, закілзаць, каб не кідаліся на цябе.
Шмат боляў у нягоднага; але таго, хто спадзяецца на СПАДАРА, ласка ахінець.
Шмат болю ў бязбожніка, а таго, хто спадзяецца на ГОСПАДА, міласэрнасьць атачае.
Весяліцеся ў СПАДАРУ й цешчася, справядлівыя, і гукайце з радасьці, усі пасьцівага сэрца!
Радуйцеся ў ГОСПАДЗЕ і цешцеся, праведнікі! Весяліцеся, усе правыя сэрцам!