Псалтыр 125 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Песьня на ўступцох. Тыя, што спадзяюцца на СПАДАРА, яны як гара Сыён, каторая не пахісьнецца, трывае на векі.
 
Сьпеў узыходжаньня. Тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, [яны] як гара Сыён, якая не пахісьнецца і будзе на вякі.

Ерузалім — горы навокал яго, а СПАДАР навокал люду Свайго адгэтуль аж на векі;
 
Горы вакол Ерусаліму, а ГОСПАД — вакол народу Свайго ад сёньня і на вякі.

Бо не застанецца ськіпетра нягоднасьці на долі справядлівых, каб ня выцягнулі справядлівыя рукі свае да бяспраўя.
 
Бо кій бязбожнікаў не застанецца над лёсам праведнікаў, каб не цягнулі праведнікі рук сваіх да беззаконьня.

Рабі дабро, СПАДАРУ, добрым а пасьцівым у сэрцах сваіх.
 
Рабі, ГОСПАДЗЕ, добрае добрым і тым, хто шчыры ў сэрцы сваім.

Але збачаючых на крывыя дарогі свае СПАДАР павядзець ізь ліхадзеямі. Супакой на Ізраелю!
 
Але тых, што зыходзяць на сьцежкі крывыя свае, няхай выганіць ГОСПАД разам са злачынцамі. Супакой над Ізраілем!