Псалтыр 58 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Подле «Не загубі». Пісань Давідава.
 
Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда.

Ці запраўды цішком гукаеце вы справядлівасьць і пасьціва судзіце, сынове людзкія?
 
Ці сапраўды маўчаньнем прамаўляеце праведна? Ці справядліва судзіце сыноў чалавечых?

Наадварот, вы ў сэрцу бяспраўе чыніце, — глабаньне на зямлі важаць рукі вашы.
 
Але ж у сэрцы вы ўчынілі беззаконьне, злачынствы рук вашых на зямлі ўзважылі.

Ужо ад улоньня бязбожныя адчураліся, ад жывата блудзілі гукаючыя ману.
 
Ад улоньня [маці] адступіліся [ад Бога] бязбожнікі, блукаюць ад нараджэньня тыя, якія кажуць хлусьню.

У яго атрута, як атрута гадава, як глухога гада, што затыкае вуха свае,
 
Атрута іхняя — як атрута зьмяі, гадзюкі глухой, што вушы свае затыкае

Што ня чуе голасу чараўніка, чараўніцтва чараў мудрага.
 
і ня чуе голасу шаптуна, які заклінаць заклёнамі ўмее.

Божа! пакрышы зубы ў роце яму; кутнія зубы левянятам разьбі, Божа!
 
Божа, скрышы зубы іхнія ў вуснах іхніх! Выбі іклы львянятам, ГОСПАДЗЕ!

Няхай расплывецца, як вада, што расьцякаецца; як пусьце ён стрэлы свае, хай будуць, як зломленыя;
 
Няхай зьнікнуць яны як вада, што разьлілася; няхай, калі будуць нацягваць [лук], паломяцца стрэлы іхнія!

Хай будзе, як сьлімак, што тае, і няма яго, як ськідыш жонкі, што ня бачыў сонца.
 
Няхай як сьлімак, што ледзьве паўзе, яны счэзнуць! Няхай як спарон жанчыны яны сонца ня ўбачаць!

Уперад чымся гаршкі вашы пачуюць цернь, няхай як сырога альбо абгарэлага яго зьмяцець.
 
Перш, чым катлы вашыя адчуюць [агонь ад] цярніны, няхай раскідае бура [цярніну], ці сьвежую, ці распаленую.

Справядлівы будзе цешыцца, як будзе аглядаць помсту; ён абмые ногі свае ў крыві бязбожнага.
 
Узрадуецца праведнік, калі ўбачыць помсту; ён абмые стопы свае ў крыві бязбожнікаў!

І скажа чалавек: «Напэўна гэта плод справядліваму; напэўна там ё Бог, Каторы судзе на зямлі».
 
І скажа [кожны] чалавек: «Сапраўды, ёсьць плод у праведніка! Сапраўды, ёсьць Бог, Які судзіць на зямлі!»