Псалтыр 20 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору. Псальма Давідава.
Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
Хай адкажа табе СПАДАР у дзень немарасьці, хай падыйме цябе імя Бога Якававага.
Няхай ГОСПАД пачуе цябе ў дзень трывогі, няхай абароніць цябе імя Бога Якубавага!
Хай пашлець Ён табе помач ізь сьвятыні, і із Сыёну пасіленьне твае.
Няхай Ён спашле табе дапамогу са сьвятыні і ўмацуе цябе з Сыёну!
Хай успомне ўсі абраканьні твае і ўсепаленьні твае прыйме як тук. Сэля.
Няхай Ён узгадае ўсе дары твае і цэласпаленьнямі тваімі няхай насыціцца. (Сэлях)
Хай дасьць табе подле сэрца твайго і ўсі рады твае хай споўне.
Няхай Ён дасьць табе паводле сэрца твайго і споўніць усе намеры твае,
Хай гукнем із радасьці ў спасеньню Тваім і ў імя Бога нашага падыймем сьцягі. Хай споўне СПАДАР усі просьбы твае.
каб мы ўзрадаваліся збаўленьню твайму і ў імя Бога нашага сьцяг узьнялі. Няхай споўніць ГОСПАД усе прагненьні твае!
Цяпер я ведаю, што ратуе СПАДАР памазанца Свайго; адкажа яму зь нябёс Сваіх сьвятых, сіламі ратуе правіца Ягоная.
Цяпер я ведаю, што ГОСПАД збаўляе Памазанца Свайго; Ён адкажа яму са сьвятога неба Свайго праз збаўчую магутнасьць правіцы Сваёй.
Гэтыя цялежкамі, гэныя коньмі, але мы імя СПАДАРА, Бога нашага, мянуем.
Гэтыя [спадзяюцца] на калясьніцы і коней, а мы ўзгадваем імя ГОСПАДА, Бога нашага.
Яны ўкляклі й паваліліся, але мы ўсталі й сталі проста.
Яны пахіснуліся і ўпалі, а мы паўсталі і стаімо проста.
СПАДАРУ! ратуй. Хай адкажа нам Кароль у дзень, калі мы гукаем да Яго.
Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, і няхай валадар пачуе нас, калі будзем клікаць!