Псалтыр 17 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Маленне Давіда. Выслухай, Госпадзе, апраўданне маё, зваж на маленне маё. Прыхілі вуха Тваё да малітвы маёй з вуснаў неліслівых.
Малітва Давіда. Пачуй, ГОСПАДЗЕ, праведнасьць [маю], зваж на галашэньне маё, прыхілі вуха да малітвы маёй з вуснаў нефальшывых!
Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае хай убачаць, што справядліва.
Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае бачаць, што справядліва.
Выпрабуй сэрца маё і наведай ноччу [мяне]; агнём паспытай мяне, — і не знойдзеш беззаконня ўва мне.
Ты выспрабаваў сэрца маё, уначы адведаў і ачысьціў мяне, і не знайшоў нічога; думкі ліхія ня выйшлі з вуснаў маіх.
Не прыляпляюцца вусны мае да спраў чалавечых, паводле слоў вуснаў Тваіх я захаваў сябе ад шляхоў гвалтаўніка.
У справах чалавечых паводле слова вуснаў Тваіх я высьцерагаўся сьцежкаў гвалту,
Утрымай крокі мае на сцяжынах Тваіх, каб не хісталіся стопы мае.
крокі мае трымаліся каляінаў Тваіх, стопы мае не хісталіся.
Да Цябе клічу, бо Ты, Божа, выслухоўваеш мяне; нахілі да мяне вуха Тваё і выслухай словы мае.
Да Цябе я гукаю, бо Ты, Божа, адкажаш мне. Прыхілі вуха Тваё да мяне, пачуй словы мае!
З’яві цудоўна міласэрнасць Тваю, Ты, Які ратуеш ад ворагаў тых, што на правіцу Тваю спадзяюцца.
Зьяві міласэрнасьць Тваю, Збаўца тых, якія да правіцы Тваёй уцякаюць ад тых, што паўсталі [на іх].
Сцеражы мяне, як зрэнку вока, у засені крылаў Тваіх захавай мяне
Захавай мяне, як зрэнку вока, у ценю крылаў Тваіх схавай Ты мяне
ад аблічча нягоднікаў, якія ўціскаюць мяне. Ворагі мае ў лютасці акружылі мяне,
ад бязбожнікаў, якія руйнуюць мяне, ад ворагаў душы маёй, якія атачылі мяне.
замкнулі [сэрцы] у тлустасці сваёй; вусны іх прамаўляюць напышліва.
Тлушчам сваім яны закрылі сябе, вуснамі сваімі яны пыхліва гавораць.
Наступаючы цяпер, яны акружылі мяне, вочы свае ўтаропілі, каб паваліць на зямлю мяне,
На кожным кроку цяпер яны нас абступаюць; вочы свае скіравалі, каб нас кінуць на зямлю.
выгляд іх — быццам у льва, які гатовы да ловаў, і быццам у львяняці, які сядзіць у засадзе.
Яны падобныя да ільва, які прагне здабычы, і да львяняці, якое ў засадзе ляжыць.
Устань, Госпадзе, апярэдзь іх, перапыні іх, выратуй душу маю ад рук нягодніка мечам Тваім,
Паўстань, ГОСПАДЗЕ! Выйдзі супраць аблічча ягонага, павалі Ты яго! Мячом Тваім выратуй душу маю ад бязбожніка,
ад [людзей] смяротных рукой Тваёй, Госпадзе; ад [людзей] смяротных, доля жыцця якіх змарнела. Са сховішчаў Тваіх напаўняеш жывот іх, насычаюцца сыны і пакідаюць рэшткі дзецям сваім.
ад сьмяротных [людзей] — рукой Тваёй, ГОСПАДЗЕ, ад сьмяротных [людзей] веку гэтага. Частка іхняя — у гэтым жыцьці, і чэрава іхняе Ты са скарбніцы Тваёй напаўняеш, яны насычаюць сыноў сваіх, і лішак свой пакідаюць дзецям сваім.
А я ў справядлівасці буду бачыць твар Твой, калі абуджуся ад сну, насычуся абліччам Тваім.
А я ў праведнасьці ўбачу аблічча Тваё, абудзіўшыся, насычуся вобразам Тваім.