Псалтыр 21 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давідаў.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

Госпадзе, цар парадуецца з магутнасці Тваёй. О, як вельмі пацешыцца ён і з Тваёй помачы!
 
ГОСПАДЗЕ! У моцы Тваёй будзе радавацца валадар, у збаўленьні Тваім ён вельмі ўсьцешыцца.

Выканаў Ты жаданне сэрца яго для яго, і не адмовіў просьбе яго вуснаў.
 
Ты даў яму жаданьне сэрца ягонага, і просьбам вуснаў ягоных Ты не адмовіў. (Сэлях)

Бо папярэдзіў Ты яго шчодрымі дабраславеннямі, усклаў на галаву яго з найчысцейшага золата вянец.
 
Бо Ты сустрэў яго дабраслаўленьнем дабра, усклаў яму на галаву карону з найчысьцейшага золата.

Прасіў ён жыцця ў Цябе, і Ты надзяліў [ім] яго — доўгасцю дзён навечна і на векі вечныя.
 
Жыцьцё ён прасіў у Цябе, Ты даў яму доўгасьць дзён на вякі вечныя.

Вялікая хвала яго ва ўспамозе Тваёй, велічы і гожасці дадасі Ты яму;
 
Вялікая слава ягоная ў збаўленьні Тваім; годнасьць і веліч Ты ўзлажыў на яго.

бо дадасі Ты яму дабраславенне на векі вечныя, усцешыш яго радасцю перад абліччам Сваім.
 
Бо Ты даў яму дабраслаўленьне вечнае, Ты разьвесяліў яго радасьцю перад абліччам Тваім.

Цар бо здавяраецца Госпаду і ў ласцы Найвышэйшага не пахіснецца.
 
Бо валадар спадзяецца на ГОСПАДА і праз міласэрнасьць Найвышэйшага не пахісьнецца.

Хай дасягне рука Твая ўсіх непрыяцеляў Тваіх, хай дасягне правіца Твая ўсіх ненавіснікаў Тваіх.
 
Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе тых, якія ненавідзяць Цябе.

Памясці іх нібы ў печ вогненную ў час з’яўлення Твайго:
 
Ты зробіш з іх печ вогненную ў час [зьяўленьня] аблічча Твайго; ГОСПАД у гневе Сваім выгубіць іх, і агонь зжарэ іх.

выгубі патомства іх з зямлі і семя іх з ліку сыноў чалавечых.
 
Ты зьнішчыш плод іхні на зямлі і насеньне іхняе — спасярод сыноў чалавечых.

Бо яны задумалі супраць Цябе ліхое, учынілі нараду, — але яны не змогуць нічога.
 
Бо яны кнулі ліхое супраць Цябе, надумалі зламыснае, якое не змаглі [зьдзейсьніць],

Ты павернеш іх назад, накіруеш лук Твой у іх твар.
 
бо Ты павернеш іх наўцёкі, нацягнеш лук Твой супраць аблічча іхняга.

Падыміся, Госпадзе, у магутнасці Сваёй! Апяём і праславім магутнасць Тваю.
 
Узьніміся, ГОСПАДЗЕ, у моцы Тваёй! Мы будзем сьпяваць і выслаўляць магутнасьць Тваю.