Псалтыр 4 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору. На струнах. Псальм Давідаў.
Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Давіда.
Калі я клічу Цябе, выслухай мяне, Божа справядлівасці маёй. У турбоце Ты даваў мне прастору; злітуйся нада мною і выслухай маленне маё.
Калі я клічу, адкажы мне, Божа, Праведнасьць мая! Калі я быў уцісканы, Ты даў мне прастору. Зьлітуйся нада мною і пачуй малітву маю!
О сыны чалавечыя, дакуль жа будзеце благімі сэрцам? Чаму вы любіце марнасць і шукаеце хлусню?
Сыны людзей, дакуль слава мая зьневажацца будзе, дакуль будзеце любіць марнасьць і шукаць няпраўды? (Сэлях)
Ведайце, што Госпад цудоўна ўслаўляе святога Свайго. Бог выслухае, калі буду Яго клікаць.
Спазнайце, што ГОСПАД аддзяліў багабойнага Свайго; ГОСПАД пачуе, калі буду клікаць да Яго.
Калі гневаецеся, не грашыце; разважце ў сэрцах вашых на ложках вашых і супакойцеся!
Дрыжыце і не грашыце! Кажыце ў сэрцах вашых на ложках вашых і маўчыце! (Сэлях)
Складзіце ахвяру праўды і майце надзею ў Богу.
Ахвяруйце ахвяры праведнасьці і спадзявайцеся на ГОСПАДА!
Шмат якія кажуць: «Хто паказвае нам даброты?» Узнімі над намі, як знак, святло аблічча Твайго!
Шмат тых, якія кажуць: «Хто пакажа нам добрае?» Узьнімі над намі сьветласьць аблічча Твайго, ГОСПАДЗЕ!
Надаў Ты большую радасць у сэрца маё, чым калі памнажаюцца ў іх пшаніца ды віно.
Ты даў у сэрцы маім большую радасьць, чым маюць яны, сабраўшы збожжа і віна багата. (Сэлях)
У спакоі кладуся і засынаю, бо Ты адзіны, Госпадзе, даеш мне жыць ў бяспецы.
У супакоі я лягу і засну, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, адзін даеш мне жыць у бясьпецы.