Псалтыр 90 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Маленне Майсея, чалавека Божага. Госпадзе, Ты стаўся нам прыстанішчам з пакалення ў пакаленне.
Малітва Майсея, мужа Божага. Госпадзе, Ты быў для нас сялібаю з пакаленьня ў пакаленьне!
Перш чым паўсталі горы і нарадзілася зямля і сусвет, і спакон вякоў, і на век Ты — Бог.
Перш, чым горы нарадзіліся, і Ты даў кшталт зямлі і сусьвету, ад веку і на вякі Ты ёсьць Бог.
Ты вяртаеш чалавека ў парахно і Ты сказаў: «Сыны чалавечыя, вярніцеся».
Ты вяртаеш у друз чалавека і кажаш: «Вярніцеся, сыны Адама!»
Бо тысяча гадоў перад вачамі Тваімі, як учарашні дзень, які прамінуў, і начная варта.
Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі — як учорашні дзень, што мінуў, і варта начная.
Ты аддаляеш іх, і стануць яны сном:
Ты іх зносіш [разводзьдзем]; яны — як сон і як трава, якая раніцаю зелянее.
зранку — як трава, што прабіваецца, зранку цвіце і вырастае, вечарам вяне і ссыхае.
Раніцаю квітнее яна і зелянее, а ўвечары зрэжуць яе, і яна сохне.
Бо мы марнеем ад гневу Твайго і ў абурэнні Тваім стурбаваліся.
Бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, ад ярасьці Тваёй мы спалоханыя.
Ты паставіў несправядлівасці нашыя перад вачамі Тваімі, цёмныя справы нашыя — у святле аблічча Твайго.
Ты паклаў беззаконьні нашыя перад Сабою, нашыя схаваныя [грахі] — перад сьветласьцю аблічча Твайго.
Бо ўсе нашы дні прамінаюць у гневе Тваім, спыняюцца гады нашыя, быццам дыханне.
Бо ўсе дні нашыя прападаюць ад абурэньня Твайго, гады нашы сканчваюцца, быццам той уздых.
Колькасць нашых гадоў — семдзесят або, у здароўі, восемдзесят, а большая частка іх — праца і марнасць, бо хутка праходзяць, а мы адлятаем.
Дзён гадоў нашых — гадоў семдзясят, а як пры сіле — гадоў восемдзясят; і найлепшае ў іх — гарапашнасьць і ліхоцьце, бо прамінаюць яны шпарка, і мы адлятаем.
Хто зразумеў вялікасць Твайго гневу і сілу абурэння Твайго?
Хто ведае моц гневу Твайго і абурэньне Тваё, што як страх перад Табою?
Навучы нас лічыць дні нашы так, каб прывялі мы сэрца да мудрасці.
Лічыць дні нашыя навучы Ты нас, каб прыдбаць нам мудрае сэрца.
Павярніся, Госпадзе, дакуль жа яшчэ? І будзь жа спагадны для сваіх паслугачоў.
Павярніся, ГОСПАДЗЕ! Дакуль Ты? Пашкадуй слугаў Тваіх!
Напоўні нас уранку міласэрнасцю Тваёй, і мы ўзрадуемся і пацешымся праз усе дні нашы.
Насыць нас раніцаю міласэрнасьцю Тваёй, каб мы весяліліся і радаваліся ў-ва ўсе дні нашыя.
Павесялі нас за тыя дні, у якія прыніжаў нас, за гады, калі мы бачылі ліха.
Узрадуй Ты нас паводле дзён, у якія Ты прыгнятаў нас, і паводле гадоў, у якія мы бачылі ліхое.
Хай адкрыецца слугам Тваім учынак Твой, а аздоба Твая — сынам іх.
Няхай зьявіцца над слугамі Тваімі справа Твая, і веліч Твая — над сынамі іхнімі.
Хай будзе велічнасць Госпада Бога нашага над намі, і справы рук нашых умацуй над намі, і справу рук нашых умацуй.
Няхай хараство Госпада, Бога нашага, будзе над намі і ўмацуе справы рук нашых. Умацуй Ты справы рук нашых!