Псалтыр 86 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Просьба. Давідаў. Нахіні, Госпадзе, вуха Тваё і выслухай мяне, бо ўбогі я і бедны.
Малітва Давіда. Прыхілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё, адкажы мне, бо я — бедны і прыгнечаны.
Сцеражы душу маю, бо я цнатлівы, збаў слугу Твайго, Божа мой, які ўскладае надзею на Цябе.
Захавай душу маю, бо я — багабойны. Збаў Ты, Божа, слугу Твайго, які на Цябе спадзяецца.
Злітуйся нада мной, Госпадзе, бо да Цябе ўсклікаў я цэлы дзень.
Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо я клічу да Цябе ўвесь дзень.
Узвесялі душу Твайго слугі, бо да Цябе, Госпадзе, узвысіў я душу маю.
Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, я душу маю ўзьнімаю.
Бо Ты ж, Госпадзе, добры і ласкавы, і вялікая міласэрнасць [Твая] да ўсіх, што прызываюць Цябе.
Бо Ты, Госпадзе, — добры і літасьцівы, і вельмі міласэрны для ўсіх, што Цябе клічуць.
Успрымі вушамі, Госпадзе, малітву маю і звярні ўвагу на голас малення майго.
Прыхілі вуха, ГОСПАДЗЕ, на малітву маю і выслухай голас маленьня майго!
У дзень бяды маёй клічу я Цябе, бо ведаю, што Ты выслухаеш мяне.
У дзень тугі маёй я клічу Цябе, бо Ты адкажаш мне.
Няма Табе, Госпадзе, роўнага між багоў і няма нічога [такога ж], як справы Твае.
Няма між багамі падобнага да Цябе, Госпадзе, і няма такіх чынаў, як Твае.
Прыйдуць усе народы, якія Ты стварыў, і паклоняцца Табе, Госпадзе, і славіць будуць яны Тваё імя.
Усе народы, якія Ты стварыў, прыйдуць і паклоняцца перад абліччам Тваім, Госпадзе, і будуць ушаноўваць імя Тваё.
Бо вялікі Ты і творыш цуды. Ты толькі адзін Бог.
Бо Ты — вялікі і робіш цуды, Ты — Бог, толькі Ты адзін.
Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і буду хадзіць я ў праўдзе Тваёй; зрабі шчырым сэрца маё, каб шанавала яно імя Тваё.
Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй; зьяднай сэрца маё, каб баялася імя Твайго.
Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім і буду вечна праслаўляць імя Тваё,
Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім, і буду ўшаноўваць імя Тваё на вякі.
бо міласэрнасць Твая да мяне вялікая і вырваў Ты душу маю з пекла апраметнага.
Бо міласэрнасьць Твая нада мною вялікая, і Ты выратаваў душу маю з глыбіні пекла.
Божа, пыхліўцы паўсталі супраць мяне, і зграя моцных шукае душу маю; і не паставілі яны Цябе перад сабою.
Божа, пыхлівы паўстаў супраць мяне, і грамада моцных шукае душу маю, і на Цябе не зважаюць яны.
А Ты, Госпадзе, Бог міласэрны і літасцівы, і цярплівы, вялікай спагаднасці і праўды,
Але Ты, Госпадзе, — Бог спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць і праўду.
глянь на мяне і злітуйся нада мною, дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служанкі Сваёй.
Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служкі Тваёй!
Учыні са мною знак на дабро, каб убачылі тыя, што ненавідзяць мяне, і пасаромеліся, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і пацешыў мяне.
Учыні Ты для мяне знак добрасьці Тваёй, і ўгледзяць гэта тыя, што ненавідзяць мяне, і будуць асаромленыя, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, мне дапамог і пацешыў мяне.