Псалтыр 99 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Госпад валадарыць — трымцяць народы, сядзіць Ён на херубінах, — трасецца зямля.
 
ГОСПАД валадарыць, няхай дрыжаць народы! Ён сеў на херувімаў, няхай узварухнецца зямля!

Вялікі Госпад на Сіёне і Узвышні над усімі народамі.
 
Вялікі ГОСПАД на Сыёне, Ён узвысіўся па-над усімі народамі.

Хай вызнаюць імя Тваё вялікае і шаноўнае, бо яно святое.
 
Няхай славяць імя Ягонае вялікае і страшнае, [бо] сьвятое яно!

Валадар Магутны любіць суд. Ты ўстанавіў тое, што справядлівае, суд і законнасць учыніў Ты праз Якуба.
 
І моц Валадара, Які любіць суд. Ты ўстанавіў справядлівасьць, Ты суд і праведнасьць учыніў у Якубе.

Узвышайце Госпада Бога нашага, аддавайце паклон Яму ля падножжа ног Яго, бо Ён святы.
 
Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся каля падножжа стоп Ягоных, [бо] сьвяты Ён!

Майсей і Аарон — сярод святароў Яго, і Самуэль між тымі, што прызывалі імя Яго. Прызывалі Госпада, і Ён выслухаў.
 
Майсей і Аарон сярод сьвятароў Ягоных, і Самуэль сярод тых, што клічуць імя Ягонае; яны клікалі ГОСПАДА, і Ён адказаў ім.

Прамаўляў да іх у слупе воблака. Яны выконвалі загады Яго і прыказанні, якія даў Ён ім.
 
У слупе воблачным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі сьведчаньні Ягоныя і пастановы, якія Ён даў ім.

Госпадзе, Божа наш, Ты выслухоўваў іх; Божа, Ты быў да іх ласкавы, але помсціў за [ліхія] задумы іх.
 
ГОСПАДЗЕ, Божа наш, Ты адказваў ім. Ты быў для іх Богам, Які прабачаў іх і адплочваў за ўчынкі.

Узвышайце Госпада Бога нашага і пакланіцеся святой гары Яго, бо святы Госпад Бог наш.
 
Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся перад гарой Яго сьвятою, бо сьвяты ГОСПАД, Бог наш!