Псалтыр 25 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
АЛЕФ. Давідаў. Да Цябе, Госпадзе, узняў я душу маю.
Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, узьнімаю я душу маю.
БЭТ. Божа мой, на Цябе спадзяюся; хай не сумеюся! Хай не кпяць з мяне непрыяцелі мае.
Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай мне быць асаромленым, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі.
ГІМЭЛЬ. Бо ўсе тыя, што трымаюцца Цябе, не будуць засаромлены. Засаромлены будуць тыя, што чыняць бязвер’е дзеля марнасці.
Бо ўсе, якія на Цябе спадзяюцца, ня будуць асаромленыя. Будуць асаромлены тыя, якія адступаюцца без прычыны.
ДАЛЕТ. Пакажы мне, Госпадзе, Свае дарогі і навучы мяне Сваім сцежкам.
ГОСПАДЗЕ, дай мне ведаць шляхі Твае, навучы мяне сьцежкам Тваім.
ГЭ. Вядзі мяне праўдай Тваёй і вучы мяне, бо Ты Бог збавення майго. ВАЎ. На Цябе спадзяюся штодня.
Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты — Бог збаўленьня майго, на Цябе спадзяюся ў-ва ўсякі дзень.
ДЗАЙН. Помні, Госпадзе, пра міласці Твае і пра міласэрнасць Тваю, бо яны спрадвечныя!
Узгадай пра літасьць Тваю, ГОСПАДЗЕ, і пра міласэрнасьць Тваю, бо яны — ад вякоў.
ГЭТ. Не прыпамінай грахоў маладосці маёй і злачынстваў маіх, але помні пра мяне Ты паводле міласэрнасці Тваёй, згодна дабраце Тваёй, Госпадзе.
Пра грахі маладосьці маёй і пра правіны мае ня ўзгадвай. Паводле міласэрнасьці Тваёй Ты ўзгадай пра мяне, дзеля добрасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ!
ТЭТ. Спагадны і праведны Госпад, таму наставіць грэшнікаў на шлях;
ГОСПАД добры і справядлівы, таму Ён будзе навучаць шляху [Свайму] грэшнікаў.
ЁД. пакорлівых накіруе па справядлівасці, наставіць сціплых на шляхі іх.
Ён прывядзе ўцісканых на суд і навучыць уцісканых шляху Свайму.
КАФ. Усе шляхі Божыя — міласэрнасць і праўда для тых, што трымаюцца запавету Яго і сведчанняў Яго.
Усе сьцежкі ГОСПАДА — міласэрнасьць і праўда для тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і сьведчаньні Ягоныя.
ЛЯМЭД. Дзеля імя Твайго, Госпадзе, злітуешся над грахом маім: бо ён так вялікі.
Дзеля імя Твайго, ГОСПАДЗЕ, даруй мне беззаконьне маё, бо надта яно вялікае!
МЭМ. Хто той чалавек, які шануе Госпада? Ён наставіць такога на шлях, які [той] выбірае.
Хто той чалавек, які баіцца ГОСПАДА? Яго Ён навучыць шляху, які [трэба] выбраць яму.
НУН. Душа яго ў дабротах прабудзе, а семя яго ўспадкаеміць зямлю.
Душа ягоная будзе жыць у добрым, і насеньне ягонае зямлю ў спадчыну возьме.
САМЭК. Спагадае Госпад тым, што баяцца Яго, каб адкрыць ім Свой запавет.
Таямніца ГОСПАДА з тымі, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён дае ім ведаць.
АЙН. Мае вочы заўсёды да Бога, бо Ён вырве ногі мае з пасткі.
Вочы мае заўсёды [глядзяць] на ГОСПАДА, бо Ён выцягне з сеткі ногі мае.
ФЭ. Глянь на мяне і пашкадуй мяне, бо самотны я і няшчасны.
Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, бо я — самотны і прыгнечаны.
САДЭ. Пашыр цясніны сэрца майго і вырві мяне з засмучэнняў маіх.
Трывогі сэрца майго пашырыліся, выцягні мяне з бедаў маіх!
Прыглядзіся да пакорлівасці маёй і да цяжару працы маёй і адпусці ўсе правіны мае.
Глянь на пакуты мае і нядолю маю, і даруй мне ўсе грахі мае!
РЭС. Глянь на ворагаў маіх, бо яны размножыліся, і лютай нянавісцю зненавідзелі мяне.
Глянь на ворагаў маіх, бо шмат іх, і нянавісьцю злачыннаю яны ненавідзяць мяне.
СІН. Пільнуй душу маю і вырві мяне; не пасаромлюся, бо я ўсклаў надзею на Цябе.
Захавай душу маю і выратуй мяне, каб ня быў я асаромлены, бо я ў Табе маю надзею.
ТАЎ. Хай бязвіннасць і справядлівасць пільнуюць мяне, бо я трымаўся Цябе.
Беззаганнасьць і праведнасьць няхай захаваюць мяне, бо я на Цябе спадзяюся.
ФЭ. Збаў, Божа, Ізраэль ад усіх няшчасцяў яго.
Божа, збаў Ізраіля ад усіх трывогаў ягоных!