Псалтыр 90 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Маленне Майсея, чалавека Божага. Госпадзе, Ты стаўся нам прыстанішчам з пакалення ў пакаленне.
Малітва Майсея, чалавека Божага. Госпадзе, ты быў нам прытулкам з роду-ў-род.
Перш чым паўсталі горы і нарадзілася зямля і сусвет, і спакон вякоў, і на век Ты — Бог.
Перш чымся нарадзіліся горы і паўстала зямя і сусьвет, Ты, Божа, ёсьць ад веку й да веку!
Ты вяртаеш чалавека ў парахно і Ты сказаў: «Сыны чалавечыя, вярніцеся».
Ты кажаш чалавеку вярнуцца ў пыл і гаворыш: “Вярнецеся, сыны Адама!”
Бо тысяча гадоў перад вачамі Тваімі, як учарашні дзень, які прамінуў, і начная варта.
Бы тысяча год у вачах тваіх, як учарайшы дзень, што мінуў, як варта начная.
Ты аддаляеш іх, і стануць яны сном:
Ты іх зьметаеш: яны, як сон зраньня, падобныя як трава, што зелянее.
зранку — як трава, што прабіваецца, зранку цвіце і вырастае, вечарам вяне і ссыхае.
Наранку красуе й зялёная, а ўвечары вяне ды сохне.
Бо мы марнеем ад гневу Твайго і ў абурэнні Тваім стурбаваліся.
Вось гэтак праз гнеў твой мы нікнем і ўстрывожаны тваім абурэньнем.
Ты паставіў несправядлівасці нашыя перад вачамі Тваімі, цёмныя справы нашыя — у святле аблічча Твайго.
Ты нашыя правіны палажыў перад Сабою, нашыя грахі таёмныя прад сьветласьцяй аблічча твайго.
Бо ўсе нашы дні прамінаюць у гневе Тваім, спыняюцца гады нашыя, быццам дыханне.
Бо ўсе нашыя дні зьнікаюць пад тваім гневам: мы перажываем гады нашыя быццам уздыханьне.
Колькасць нашых гадоў — семдзесят або, у здароўі, восемдзесят, а большая частка іх — праца і марнасць, бо хутка праходзяць, а мы адлятаем.
Час нашага веку — семдзесят, а як пры сім — гадоў восемдзесят; А большая іх частка — толькі труд і марнасьць, бо праходзяць шыбка, а мы адлятаем.
Хто зразумеў вялікасць Твайго гневу і сілу абурэння Твайго?
Каму будзе ведама сіла твайго гневу і належны страх прад абурэньнем тваім?
Навучы нас лічыць дні нашы так, каб прывялі мы сэрца да мудрасці.
Навучы нас, як лічыць нашыя дні, каб мы дайшлі да мудрасьці сэрца.
Павярніся, Госпадзе, дакуль жа яшчэ? І будзь жа спагадны для сваіх паслугачоў.
Абярніся, Госпадзе! Дакуль-жа? Зьлітуйся над слугамі тваімі!
Напоўні нас уранку міласэрнасцю Тваёй, і мы ўзрадуемся і пацешымся праз усе дні нашы.
Насыці нас зраньня любоўю тваею, каб мы цешыліся і весяліліся у-ва ўсе нашыя дні.
Павесялі нас за тыя дні, у якія прыніжаў нас, за гады, калі мы бачылі ліха.
Пацеш нас на гэтулькі дзён, колькі Ты нас прыгнятаў, ды гэтулькі гадоў, колькі мы жылі ў нядолі.
Хай адкрыецца слугам Тваім учынак Твой, а аздоба Твая — сынам іх.
Няхай слугам тваім акажацца дзела тваё і слада твая дзецям іхнім.
Хай будзе велічнасць Госпада Бога нашага над намі, і справы рук нашых умацуй над намі, і справу рук нашых умацуй.
Няхай ласка Госпада Бога будзе над намі і умацуй дзела рук нашых! (дзела рук нашых замацуй!)