Псалтыр 94 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Бог помстаў, Госпадзе! Божа, Бог помстаў, заззяй!
 
Божа помсты, Госпадзе, Божа помсты, зьявіся!

Узвысся Ты, што судзіш зямлю, аддай заплату пыхлівым.
 
Паўстань Ты, Судзьдзя зямлі, адплаці гордым за тое, што заслужылі!

Дакуль жа бязбожнікі, Госпадзе, дакуль жа бязбожнікі будуць задавацца?
 
Дакуль-жа бязбожнікі, Госпадзе, дакуль бязбожнікі будуць трыумфаваць?

Будуць вымаўляць і прамаўляць нахабствы, будуць выхваляцца ўсе тыя, што чыняць несправядлівасць?
 
Яны грубіяняць, ганарацца, пышацца усе, што твораць злачынства.

Прыніжаюць яны, Госпадзе, народ Твой, прыгнятаюць спадчыну Тваю.
 
Прыгнятаюць яны народ твой, Госпадзе і тваю спадчыну уціскаюць.

Удаву і прыхадня забіваюць і сірот мардуюць.
 
Удаву і пілігрыма забіваюць і сіротак зводзяць са сьвету,

І кажуць яны: «Не бачыць Госпад, не разумее Бог Якубаў».
 
І кажуць: “Госпад не бачыць, ня сьцеражэ Бог Якубавы.

Зразумейце, неразумныя ў народзе, бязглуздыя, калі паразумнееце?
 
Сьцеражыцеся вы, дурныя між народам! Неразумныя, калі вы зразумееце?

Ці ж Той, Хто насадзіў вуха, не пачуе? Або Той, што сфармаваў вока, не ўбачыць?
 
Ці-ж Той, што насадзіў вуха, не пачуе? Калі Ён уфармаваў вока, ці не пабачыць?

Ці ж Той, Хто спасцігае народы, не выкрые, Той, Хто вучыць чалавека разуменню?
 
Ці Той, што навучае народы, ня будзе караці? Які чалавек вучыць мудрасьці?...

Госпад ведае думкі людзей, што яны марныя.
 
Госпад ведае думкі чалавека, што яны — подмух марны.

Шчасны той чалавек, якога ўдасканальваеш Ты, Госпадзе, і паводле закону Твайго навучаеш яго,
 
Шчасьлівы чалавек, якога Ты, Госпадзе, павучаеш і вучыш закону твайго!

каб даць адпачыць яму ад ліхіх дзён, пакуль выкапаюць магілу для грэшніка.
 
Каб даць яму супакой у ліхія дні, пакуль выкапана будзе яма для бязбожніка.

Бо не адкіне Госпад свайго народа і не пакіне спадчыны сваёй.
 
Бо Госпад народу свайго не адкіне і не пакіне Ён сваей спадчыны. Заклік: аддаць Богу славу!

Бо суд вернецца да справядлівасці, і пойдуць за ёю ўсе, хто праўдзівага сэрца.
 
Бо суд вернецца да справядлівасьці і пойдуць за ёй усе шчырыя сэрцам.

Хто стане за мяне супраць ліхадзеяў або хто стане разам са мною супраць тых, што чыняць несправядлівасць?
 
Хто паўстане за мяне супраць нягоднікаў? Хто стане за мяне супраць злачынцаў?

Каб Госпад не ўспамог, хутка душа мая апынулася б у краіне маўклівасці.
 
Калі-б Госпад мяне не ўспамагаў, дык хіба ужо душа мая прабывала-б у месцы маўчаньня.

Калі гавару я: «Нага мая хістаецца», міласэрнасць Твая, Госпадзе, падтрымлівае мяне.
 
Калі я кажу: ”Хістаецца нага мая!” дык твая ласка, Г-дзе, мяне ўспамагае,

Калі мноства турбот маіх у сэрцы маім, Твае суцяшэнні ўзвесяляюць маю душу.
 
Калі лішне цяжкія думы насядалі на мяне, пацяшэньні твае весяляць душу маю.

Ці ж будзе з Табою сябраваць пасад несправядлівасці, які пад выглядам прыказання творыць пакуту?
 
Ці-ж нягодны суд можа быць з Табою ў саюзе — суд, які чыніці гвалт пад прэтэкстам права?

Яны накідваюцца на душу справядлівага і асуджаюць кроў бязвінную.
 
Яны выступаюць супраць душы справядлівага і засуджаюць нявінную кроў.

І стаўся мне Госпад абаронаю і Бог мой — скалою прыстанішча майго;
 
Але Госпад ёсьць маей абаронай і Бог мой — скала майго прытулку.

і аддасць Ён ім іх несправядлівасць і ў ліхадзейнасці іх знішчыць іх. Знішчыць іх Госпад Бог наш.
 
І зьверне Ён на іх іхняе злачынства і у іхняй злосьці іх губіць, зьнішчае іх Госпад, Бог наш.