Псалтыр 92 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Псальм. Песня. На дзень шабату.
 
Псальм. Песьня на дзень суботы.

Як жа добра вызнаваць Госпада і спяваць псальмы імю Твайму, Найвышэйшы!
 
Добра ёсьць дзякаваць Госпаду і славіць (у псальмах) Імя тваё, Найвышэйшы!

Раніцай абвяшчаць Тваю міласэрнасць, і праўду Тваю — уначы.
 
Абвяшчаць спазаранку любоў тваю, а доўгімі начамі вернасьць тваю.

На дзесяціструнным, і на гуслях, са спевам пад цытру.
 
На дзесяціструннай ліры і гусьлях іграючы з песьняю на арфэ.

Бо пацешыў Ты мяне, Госпадзе, Сваім стварэннем, і я буду радавацца справам рук Тваіх.
 
Бо Ты узьвесяліў мяне, Госпадзе, тваімі учынкамі, і я цешуся творамі рук тваіх.

Якія ж велічныя справы Твае, Госпадзе: надзвычай глыбокімі сталіся задумы Твае!
 
Як вялізны ёсьць дзеяньні твае, Госпадзе; як назадзіў глыбокія мысьлі твае.

Неразумны чалавек не спазнае і бязглузды не зразумее гэтага.
 
Чалавек бязглузды ня зьведае гэтага і неразумны нічога не сьцяміць.

Няхай грэшныя разрастуцца, як трава, і будуць квітнець усе тыя, што чыняць несправядлівасць, аднак гэта будзе [ім] на згубу на векі вечныя;
 
Калі бязбожныя буяюць як пустазельле, калі цьвітуць усе злачынцы, дык каб навек яны былі зьнішчаны!

а Ты, Госпадзе, вечна Найвышэйшы.
 
Але Ты, Госпадзе, узвышаны навекі.

Бо вось, непрыяцелі Твае, Госпадзе, бо вось, непрыяцелі Твае загінуць і расцярушацца ўсе, што чыняць несправядлівасць.
 
Бо вось, Госпадзе, ворагі твае гінуць, усе злачынцы рассыпаюцца.

Ты ўзвысіш рог мой, як у адзінарога, атрымаў я багатае намашчэнне алейкам.
 
Ты узносіш рог мой як-бы рог бавола, Ты выліваеш на мяне алей найчысьцейшы.

Вока маё з пагардаю глядзела на непрыяцеляў маіх, ды пра загубу ліхотнікаў, што паўстаюць на мяне, пра ліхадзеяў радасна слухала вуха маё.
 
І вока маё бачыла ворагаў маіх і вушы мае чулі аб злачынцах.

Справядлівы будзе квітнець, як пальма; быццам кедр лібанскі, узрасце.
 
Праведны зацьвіце як пальма, разрасьцецца як кедр на Лібане.

Пасаджаныя ў Госпадавым доме, у дзядзінцы Бога нашага заквітнеюць.
 
Пасаджаныя у доме гасподнім — яны разрастуцца на панадворках Бога нашага.

Будуць прыносіць плады ў старасці, сакавітыя будуць і поўныя свежасці,
 
І у старасьці сваей даюць яшчэ плод, будуць сьвежыя і цьвітучыя,

Каб вясціць, што Госпад справядлівы, прыстанішча маё, і няма несправядлівасці ў Ім.
 
Каб абвяшчаць, які Госпад ёсьць справядлівы, скала мая і няма ў Ім няпраўды.