Псалтыр 57 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам. Калі ён уцёк ад Саўла ў пячору.
Кіраўніку хору. На лад: “Не загубі!”. Давідавы, калі ўцякаў ад Саўла ў пячору.
Злітуйся нада мною, Божа, злітуйся нада мной, бо ў Цябе шукае абароны душа мая. У засені крылаў Тваіх буду шукаць прытулку, пакуль не міне нядоля.
Зьмілуйся нада мною, о Божа, зьмілуйся нада мною! Да Цябе душа мая прыбягае: у цяньку крыльляў тваіх шукаю прытулку, пакуль ня мінецца катастрофа.
Клічу Бога Найвышэйшага, Бога, Які спагадае мне.
Клічу да Найвышэйшага Бога, да Бога, які мне дабро дзеіць.
Ён сашле з неба і вызваліць мяне, Ён аддасць на ганьбу тых, што тапталі мяне. Сашле Бог міласэрнасць Сваю і праўду Сваю.
Няхай пашле зь неба і мяне паратуе: няхай асароміць таго, хто мяне прасьледуе: няхай пашлець Бог ласку і праўду сваю!
Душа мая ляжыць сярод ільвятаў, што зжыраюць сыноў чалавечых. Зубы іх — зброя і стрэлы, а язык іх — востры меч.
Душа мая між львоў спачывае, што пажыраюць сыноў чалавечых: зубы іхнія — то коп’і і стрэлы, а язык — востры меч.
Уздыміся, Божа, па-над нябёсы, а слава Твая па ўсёй зямлі.
Узьнясіся на нябёсы, о Божа! няхай будзе слава твая па ўсенькай зямлі!
Наставілі пасткі на ногі мае, і надламілася душа мая; выкапалі дол перада мною, і самі ўваліліся ў яго.
На мае крокі наставілі сетку, прыглушылі маю душу. Яны перада мною яму капалі: няхай самі ў яе ўпадуць!
Прыгатавана сэрца маё, Божа, прыгатавана сэрца маё; буду спяваць і граць псальмы.
Гатовае сэрца маё, о Божа, — гатовае сэрца маё! Засьпяваю і зайграю Табе.
Прачніся, слава мая, прачніцеся, гуслі і кіфара, я абуджу світанне.
Збудзіся, мая слава! Збудзіся, гарфа і псалтыр! Я разбуджу сьвітаньне.
Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, між народамі, буду спяваць Табе псальмы сярод плямёнаў.
Буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе: буду іграць для цябе між народамі.
Бо ўзвысілася да самых нябёсаў міласэрнасць Твая і да самых аблокаў — праўда Твая.
Вялікая да неба міласэрнасьць твая, а праўда твая — аж да хмараў.
Уздыміся, Божа, па-над нябёсы, па ўсёй зямлі — слава Твая.
Узьнясіся над нябёсамі, о Божа! Па ўсенькай зямлі хай будзе слава твая!