Псалтыр 71 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

У Табе, Госпадзе, маю надзею: не пасаромлюся навек.
 
У Цябе, Госпадзе, я маю мой прытулак: ня дай мне асароміцца навекі!

У Сваёй справядлівасці вызваляй мяне і ратуй мяне, нахілі да мяне сваё вуха і збаў мяне.
 
У тваей справядлівасьці барані мяне і вызваль мяне! Прыхілі да мяне тваё вуха і збаў мяне!

Будзь для мяне скалой абароны і ўмацаваным домам, каб збавіў Ты мяне, бо Ты цвярдыня мая і прыстанішча маё.
 
Будзь мне скалою прыпынку, цьвярдыняю моцнаю, каб ратаваць мяне, бо Ты — мая апора і ўмацаваньне маё.

Божа мой, вырві мяне з рукі грэшніка і з рукі беззаконнага і несправядлівага.
 
Божа мой, вызваль мяне з рукі бязбожніка, з горсьці злачынцы і прыгнятацеля!

Бо Ты — чаканне маё, Госпадзе; Госпадзе, надзея мая ад юнацтва майго.
 
Бо Ты, Госпадзе, — надзея мая, Божа, — Ты маё спадзяваньне змалку дзён маіх.

На Табе я ўгрунтаваўся ад нараджэння, з улоння маці маёй Ты апякун мой, для Цябе хвала мая заўсёды.
 
Ад нарадженьня я на Цябе злаваўся: ад улоньня маткі Ты — апякун мой, у Табе — мая хвала заўсёды.

Мо дзіўным паказаўся я для многіх, а Ты — магутны Успаможца.
 
Шмат хто глядзіць на мяне як на дзіва, але Ты ёсьць пэўны мой памацнік.

Хай напоўняцца вусны мае хвалою Тваёй, цэлы дзень — веліччу Тваёй.
 
Вусны мае поўны хвалы тваей: штодня хваляць веліч тваю.

Не адпіхай мяне ў часіну старасці; калі саслабее магуцце маё, не пакідай мяне.
 
Не адкідай мяне ў час маей старасьці: калі знікне сіла мая, не пакідай мяне!

Бо намаўлялі непрыяцелі мае на мяне і тыя, што падпільноўвалі душу маю, учынілі змову,
 
Бо змаўляюцца ворагі мае на мяне,- тыя, што наглядаюць мяне і раюцца супольна,

кажучы: «Бог пакінуў яго! Даганіце і схапіце яго, бо няма Таго, Хто ўратуе».
 
кажучы: “Бог пакінуў яго: ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма нікога, хто бы яго бараніў!”.

Божа, не аддаляйся ад мяне, Божа мой, паспяшы мне на дапамогу.
 
Божа, ня будзь далёка ад мяне! Мой Божа, пасьпяшы мне на помач!

Хай пасаромяцца і знікнуць тыя, што варожа ставяцца да душы маёй; хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю тыя, што шукаюць для мяне ліха.
 
Хай асаромяцца і згінуць ворагі душы маей! каб пакрыліся ганьбай і сорамам тыя, што шукаюць мне нядолі!

А я вось буду заўсёды спадзявацца і памнажаць буду кожную хвалу Тваю.
 
А я бязупынна буду спадзявацца на Цябе і множыць славу тваю!

Вусны мае абвясцяць справядлівасць Тваю, цэлы дзень — збаўленне Тваё, бо не ведаю ёй межаў.
 
Мае вусны будуць абвяшчаць тваю справядлівасьць, кожны дзень — тваё збаўленьне, (бо не магу яго палічыць).

Прыйду я да сіл Госпада; буду ўспамінаць я толькі пра Тваю справядлівасць.
 
Я прыйду да Гасподняе магутнасьці, каб праславіць справядлівасьць тваю і толькі тваю!

Божа, Ты вучыў мяне ад юнацтва майго, а я аж дасюль абвяшчаю цуды Твае.
 
О, Божа, Ты вучыў мяне змалку і дасюль я абвяшчаю цуды твае.

І да самай старасці і нямогласці, Божа, не пакідай мяне, аж пакуль абвяшчаць буду пра магутную руку Тваю кожнаму пакаленню, якое прыйдзе ў будучым. Сіла Твая
 
І старога і даўгавечнага не пакідай мяне, о Божа, пакуль не раскажу аб сіле тваей гэтаму роду і пра моц тваю тым, што прыйдуць.

і справядлівасць Твая, Божа, аж да вышыняў, учыніў Ты вялікія справы: Божа, хто ж падобны да Цябе?
 
І пра справядлівасьць тваю, што сягае да неба. Вялічэзныя справы ты даканаў, о Божа! Хто можа раўняцца з Табою?

Ты паказаў мне шматлікія і ліхія беды; ды зноў ажывіў Ты мяне і з бездані зямной ізноў вывеў.
 
Ты, што даў мне бачыць гэтулькі нядолі і гора, але ажывіш мяне ізноў і з бяздоньняў зямлі зноў мяне выцягнеш.

Ты памнож велічнасць маю і, вярнуўшыся, суцеш мяне.
 
Ты памножыш дастойнасьць маю і вернешся пацешыць мяне.

Я таксама буду вызнаваць Цябе, у псалтыры — праўду Тваю, Божа мой, спяваць псальмы Табе буду на гуслях, о Святы Ізраэльскі.
 
Дык і я, мой Божа, буду сьпяваці і дзякаваць Табе на ліры за вернасьць тваю: буду на гусьлях табе іграці, о Сьвяты Ізраіля!

Радавацца будуць мае вусны, калі буду спяваць Табе, і мая душа, якую Ты адкупіў;
 
О, як уцешацца вусны мае, калі сьпяваць Табе буду і душа мая, якую Ты збавіў!

але і язык мой цэлы дзень разважаць будзе пра справядлівасць Тваю, бо пасаромяцца і баяцца будуць тыя, што шукаюць ліха на мяне.
 
А язык мой будзе штодня абвяшчаць справядлівасьць тваю: ганьба і стыд няхай спадзе на тых, што шукаюць мае нядолі!