Псалтыр 24 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Давідаў псальм. Госпадава зямля і што яе напаўняе, зямля і ўсе, хто жывуць на ёй.
 
Псальм Давідавы. Гасподняя ёсьць зямля і што яе напаўняе, сусвет і ўсё, што жывець на ім.

Бо Ён заснаваў яе на марах і ўмацаваў на рэках.
 
Бо Ён паклаў асновы яго на морах, над рэкамі ўгрунтаваў яго.

Хто падымецца на гару Госпадаву або хто стане на святым месцы Яго?
 
Хто ўзыйдзе на Гасподнюю гару — і стане на сьвятым яго месцы?

Бязгрэшны рукамі і чысты сэрцам, хто не ўзняў душу сваю да марнасцей і не прысягнуў падступна.
 
Чалавек бязвінных рук і чыстага сэрца, які не нагнуў душы свае да марнасьці, і ня прысягаў крывадушна.

Гэтакі атрымае дабраславенне ад Бога і апраўданне ад Бога, свайго Збаўцы.
 
Той атрымае благаславенства ад Госпада і справядлівасьць ад Бога, Збаўцы свайго.

Такі вось ёсць род тых, што шукаюць Бога, тых, што шукаюць аблічча Бога Якубава.
 
Гэта ёсьць пакаленьне тых, што шукаюць Яго, якія імкнуцца да аблічча Бога Якубавага.

Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы.
 
Брамы, падыйміце вярхі вашыя і расчыніце вароты вашыя,(а) каб увайшоў Цар Славы!

Хто Ён, гэты Валадар Славы? — Госпад дужы і магутны, Госпад магутны ў бітве.
 
Хто ёсьць гэты Цар Славы? — Госпад магутны і сільны, Госпад дужы ў барадзьбе.

Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы.
 
Брамы, падыйміце вярхі вашыя! І расчыніцеся, вароты адвечныя, каб увайшоў Цар Славы.

Хто Ён, гэты Валадар Славы? — Госпад магуццяў, вось хто такі Валадар Славы.
 
Хто ёсьць гэты Цар Славы? Госпад Саваоф (войска нябеснага). — Ён ёсьць Цар Славы.