Псалтыр 143 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Псальм. Давідаў. Госпадзе, выслухай малітву маю, успрымі вушамі просьбу маю ў праўдзе Тваёй, выслухай мяне ў справядлівасці Тваёй.
Псальм Давідавы. Госпадзе, пачуй малітву маю, зваж на маленьні мае; у тваей вернасьці адкажы мне, у справядлівасьці тваей!
І не ўступай у суд са слугою Тваім, бо не апраўдаецца аніякае цела перад Табою.
Не ўваходзь у суд з слугою тваім, бо ніхто жывы ня ёсьць апраўданы прад Табою.
Бо непрыяцель пераследуе душу маю, паваліў на зямлю жыццё маё, зачыніў мяне ў цемры, як даўно памёршага.
Вораг прасьледуе душу маю, жыцьцё маё топча ў зямлю; ён змусіў мяне жыць у цемры, як даўно памершых.
І ўстрывожыўся ўва мне дух мой, здранцвела ўнутры мяне сэрца маё.
Мне проста не хапае духу, сэрца маё трывожыцца ў нутры маім.
Успамінаў я мінулыя дні, разважаў пра ўсе Твае справы, разбіраў усе творы рук Тваіх.
Успамінаю я дні старадаўныя, разважаю пра ўсе ўчынкі твае, размышляю аб справах рук тваіх.
Прасцёр я рукі мае да Цябе; душа мая — як зямля без вады ў Цябе.
Падыймаю рукі мае да Цябе, душа мая, як зямля бязводная, прагне Цябе.
Хутчэй выслухай мяне, Госпадзе; змарнеў дух мой. Не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб не стаў я падобным да сыходзячых у магілу.
Прыйдзі скора, Госпадзе, выслухай мяне, бо дух мой зьнемагае! Не хавай аблічча твайго ад мяне, каб я не стаўся, як тыя што зыходзяць у магілу.
Дай мне пачуць на світанні міласэрнасць Тваю, бо ўсклаў я надзею на Цябе. Дай мне спазнаць дарогу, па якой я пайду, бо да Цябе ўзвысіў я душу маю.
Дай, каб я чуў ад раньня любоў тваю, бо да Цябе узношу душу маю.
Вырві мяне ад непрыяцеляў маіх, Госпадзе, на Цябе ўсклаў я спадзяванне.
Вызваль мяне ад ворагаў маіх, Госпадзе, бо да Цябе я ўцякаю!
Навучы мяне спаўняць волю Тваю, бо Ты мой Бог. Дух Твой хай вядзе мяне па роўнай зямлі;
Навучы мяне выпаўняць волю тваю, бо Ты — мой Бог. Няхай дух твой добры вядзе мяне па роўнай дарозе!
дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай мяне жывым. У справядлівасці Тваёй выведзі з бед душу маю
Госпадзе, дзеля Імяні твайго, дай мне жыць у тваей справядлівасьці! Вырві душу маю з уціску.
і ў міласэрнасці Тваёй расцярушы Ты непрыяцеляў маіх; і выгубі ўсіх, што прыгнятаюць душу маю, бо я слуга Твой.
Дзеля любові тваей зьніштож маіх ворагаў; выгубі усіх, што уціскаюць душу маю, бо я ёсьць твой слуга.