Псалтыр 116 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Алілуя. Палюбіў я, бо выслухаў Госпад голас малення майго.
Алелюя! Я люблю! Бо Г-д пачуў голас маей малітвы.
Бо нахіліў вуха Сваё да мяне, калі прызываў я ў дні мае.
Ён прыхіляе да мяне вуха сваё ў дзень, калі я клічу.
Ахуталі мяне путы смерці і пакуты пякельныя нахлынулі на мяне. Натрапіў я на бяду і пакуту.
Путы сьмерці сьціснулі мяне і сеці пякельныя; упаў я ў трывогу і сум.
І стаў я прызываць імя Госпада: «О Божа, вызвалі душу маю».
Але прыклікаў я Імя Госпада: “Ах, Госпадзе, выбаў душу маю!”
Міласэрны Бог і справядлівы, і Бог наш літасцівы.
Ласкавы Г-д і справядлівы, наш Бог ёсьць спачувальны.
Сцеражэ Госпад малых; быў я прыніжаны, а Ён даў мне збаўленне.
Госпад бароніць прастадушных; калі я зьнемагаў, Ён ратаваў мяне.
Вярніся, душа мая, да спачынку твайго, бо Госпад дабро ўчыніў табе;
Вярніся, душа мая да твайго супакою, бо Г-д табе робіць дабро!
бо вырваў Ён душу маю ад смерці, вочы мае — ад слёз, ногі мае — ад падзення.
Бо Ён вызваліў (душу маю ад сьмерці), вочы мае — ад сьлёзаў, ногі мае ад упадку.
Буду хадзіць перад Госпадам у краіне жывых.
(Буду хадзіць у прысутнасьці Гасподнім па зямлі жывых.)
Паверыў я, і таму прамовіў: «Прыніжаны я вельмі».
Я веру! калі нават гавару: “Я вельмі няшчасны!”
Я ў страху сваім сказаў: «Кожны чалавек ашуканец».
У маім хваляваньні я сказаў: “Кажны чалавек — ілжывы!”
Чым жа я аддам Госпаду за ўсё, што Ён аддаў мне?
Што аддам Госпаду за ўсё добрае, што мне зьдзеіў?
Вазьму келіх збаўлення і прызаву імя Госпада.
Чару збаўленьня узьніму, прыклікаючы Імя Гасподне.
Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго.
(Шлюбы мае аддам Госпаду — прад усім народам ягоным.)
Дарагая ў вачах Госпада смерць Яго святых.
Дарагая ёсьць прад вачыма Гасподнімі сьмерць прыяцеляў ягоных.
Госпадзе, я слуга Твой, і сын служанкі Тваёй. Ты разарваў путы мае.
О, Госпадзе! Я — слуга твой. Я — слуга твой і сын служанкі тваей. Ты разьвязаў мае путы.
Злажу я Табе пахвальную ахвяру і прызаву імя Госпада.
Я Табе прынясу ахвяру падзякі і буду клікаць Імя Гасподня
Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго
Шлюбы мае аддам Г-ду — перад усім народам ягоным,
на панадворку дому Госпада, пасярод цябе, Ерузалім.
У падворках дому Гасподняга, пасярод цябе, Ерузоліма! (Алелюя!)