Псалтыр 121 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Песня ўзыходжання. Падымаю свае вочы на горы: адкуль мае прыйсці мне дапамога?
 
Песьня узыходжаньня. Я узношу вочы да гораў: адкуль прыйдзе мая успамога?

Дапамога мая ў Госпада, Які стварыў неба і зямлю.
 
Успамога мне прыходзіць ад Госпада, які стварыў неба і зямлю.

Не дасць Ён пахіснуцца тваёй назе, не задрэмле Той, Хто пільнуе цябе.
 
Няхай Ён ня дасьць пахіснуцца назе тваей: няхай-жа ня сьпіць стораж твой!

Вось жа не задрэмле і не заспіць Той, Хто пільнуе Ізраэль.
 
О, не! Ён не задрэмле, ані засьне стораж Ізраіля.

Госпад пільнуе цябе, Госпад — шаты твае праваруч цябе.
 
Госпад ёсьць твой стораж, твой цень — Госпад, праваруч ля цябе,

Сонца не зашкодзіць табе днём, ані ноччу месяц.
 
Каб сонца ўдзень не паразіла цябе, ані месяц уночы.

Госпад будзе пільнаваць цябе ад усялякага ліха; пільнаваць будзе душу тваю Госпад.
 
Госпад цябе сьцеражэ ад усякага зла: Ён сьцеражэ душу тваю.

Госпад будзе пільнаваць выхад твой і ўваход твой ад гэтага часу і навечна.
 
Ён цябе сьцеражэ пры выхадзе і пры павароце — і цяпер і навекі.