Псалтыр 74 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Маскіль. Асафа. Чаму, Божа, Ты адпіхнуў нас да скону, няўжо ўзгарэўся гнеў Твой на авечак пашы Тваёй?
 
Паэма. Азафа. Чаму Ты, о Божа, адкінуў нас назаўсёды? Палаеш гневам на авечкі паствы тваей.

Успомні пра сход Твой, якім Ты завалодаў ад пачатку. Ты адкупіў жазло спадчыны Тваёй, гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
 
Успомні на народ твой, які ты ад пачатку прыдбаў Сабе, на пакаленьне, якое Ты адкупіў, як спадчыну сваю і на гэтую Сыёнскую гару, на якой Ты асеў!

Узнясі крокі Твае да вечных руін: усё знішчыў непрыяцель у святыні.
 
Зьвярні крокі свае да руінаў адвечных: усё чыста вораг разбурыў у сьвятыні.

Равуць тыя, што ненавідзяць Цябе, пасярод сходу Твайго; усклалі яны знакі свае як знакі [перамогі].
 
Зарыкалі праціўнікі твае сярод тваіх грамадаў: паставілі свае сьцягі на фронце уваходным.

Яны прыпадобнілі сябе да тых, што высока ўзносяць сякеру ў лясным гушчары.
 
Сьцягі, якія былі няведамыя, падобныя да тых, што ў гушчары махаюць сякераю.

Разбілі яны дзверы яе ўшчэнт; зруйнавалі бердышамі і сякерамі.
 
А цяпер тапаром і молатам дзьверы ў ёй (у святыні) крышаць.

Падпалілі яны агнём свяцілішча Тваё, ганебна скінулі на зямлю хорам імя Твайго;
 
Яны пусьцілі з агнём тваю сьвятыню, о Божа! Апаганілі да грунту сялібу Імяні твайго.

прамовілі яны ў сэрцы сваім: «Знішчым іх усіх разам». Спалілі яны ўсе святыні Божыя на зямлі.
 
Сказалі ў сэрцы сваім: “Вынішчым іх начыста!” Спалілі на зямлі ўсе месцы Божых сьвятыняў.

Знакаў нашых мы не бачым, ужо няма прарока, і няма ў нас таго, які б ведаў, як доўга гэта будзе.
 
Знакі (сьцягі) нашыя пазьнікалі: няма больш прарокаў і нікога няма, хто бы між намі ведаў, дакуль гэта будзе?

Дакуль жа, Божа, будзе здзекавацца непрыяцель? Ці ж вечна будзе знеслаўляць праціўнік імя Тваё?
 
Аж дакуль, о Божа, будзе блюзьніць праціўнік? Ці вечна будзе глуміцца вораг над тваім Імянем?

Чаму ж Ты адводзіш руку Тваю і трымаеш правіцу Тваю за пазухай Тваёй?
 
Чаму адхіляеш Ты руку тваю? хаваеш сваю правіцу за пазухай.

Але ж Бог — наш цар спрадвеку, учыніў Ён збаўленні пасярод зямлі.
 
Аднак, о Божа, Ты — цар мой спрадвеку, які дае збаўленьне пасярод зямлі.

Ты рассек мора магуццем Тваім, сцёр галовы драконаў у водах.
 
Гэта Ты моцай сваей раздзяліў мора, Ты скрышыу галовы драконаў у водах.

Ты растаптаў галовы Левіятана, аддаў яго на ежу марскім страшыдлам.
 
Ты раздрабіў галовы Левіятана, каб аддаць яго на спажыву дзікім зьвярам.

Ты прабіў крыніцы і ручаі; Ты высушыў велічныя рэкі.
 
Ты адчыніў крыніцу і паток, Ты высушыў мнагаводныя рэкі.

Твой дзень і Твая ноч; Ты змайстраваў свяцілы і сонца.
 
Твой ёсьць дзень і ночка твая: Ты стварыў сьвятло і сонца.

Ты ўсталяваў усе межы зямлі, лета і зіму — Ты стварыў гэта.
 
Ты назначыў усе межы зямлі: лета і зіму Ты іх устанавіў.

Помні пра гэта: непрыяцель зняважыў Госпада, і народ неразумны зняславіў імя Тваё.
 
Успомні, Госпадзе, што вораг блюзьніць Табе, а шалёны народ зьневажае Імя тваё!

Не аддавай звярам душы тых, што вызнаюць Цябе, і не забудзь навечна пра душы бедных Тваіх.
 
Не аддай дзікаму зьвяру душу галубка твайго: не забудзь навекі жыцьця няшчасных тваіх!

Зірні на запавет, бо сховы зямныя поўныя прыбежышчаў гвалту.
 
Успомні на запавет твой! Бо мера дапоўнілася: у закутках зямлі — усюды месцы гвалту.

Хай пакорлівы не вяртаецца пасаромленым; бедны і ўбогі хай хваляць імя Тваё.
 
Каб уцісьнены не адыходзіў акрыты сорамам,- няхай няшчасны і ўбогі хваляць Імя тваё!

Уздыміся, Божа, будзь суддзёю ў справе Тваёй; памятай пра ганьбаванні Твае, якія цэлы дзень спараджае неразумны.
 
Паўстань, о Божа, барані справу тваю! Успомні на блюзьнерства, якое штодня прычыняе Табе неразумны!

Не забывайся на галасы непрыяцеляў Тваіх; заўсёды ўздымаецца гоман праціўнікаў Тваіх.
 
Не забудзь гоману тваіх праціўнікаў і крыку тваіх ворагаў, што ўсьцяж узрастае!