Псалтыр 31 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давідаў.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.

На Цябе, Госпадзе, спадзяюся, не асаромлюся навекі; паводле справядлівасці Тваёй вызвалі мяне.
 
У Табе, Госпадзе, маю апору: ня дай мне стыдацца навекі! У справядлівасьці тваей вызваль мяне і выбаві мяне!

Прыхілі вуха Тваё да мяне, паспяшайся, каб выбавіць мяне. Будзь для мяне скалой абароны і домам прыбежышча, каб збавіць мяне.
 
Прыхілі да мяне вуха тваё, пасьпяшы да мяне: будзь мне скалой моцы і замчышчам крэпкім, каб мяне ацаліць.

Бо Ты цвярдыня мая і прыбежышча маё, і дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.
 
Бо Ты — скала мая і цвярдыня мая: дзеля Імяні твайго вядзі мяне і кіруй мною!

Выведзі мяне з пасткі, якую скрыта паставілі на мяне, бо Ты — цвярдыня мая.
 
Выцягні мяне з сеці, што на мяне наставілі, бо Ты — мая абарона.

У рукі Твае аддаю дух мой. Ты выкупіў мяне, Госпадзе, Божа праўды.
 
У рукі твае аддаю дух мой! Ты, Госпадзе, мяне збаўляеш,(а) Божа праўдзівы.

Ты зненавідзеў тых, што шануюць марнасці пустыя, а я на Госпада спадзяюся.
 
Ты ненавідзіш тых, што служаць марным ідалам, а я даверыўся Табе.

Буду цешыцца і радавацца ў міласэрнасці Тваёй, бо Ты глянуў на пакорлівасць маю; Ты даведаўся пра патрэбы душы маёй.
 
Дай мне радавацца і весяліцца ў тваей любові! Ты глянуў на бядоту маю, пазнаў гаротнасьць душы маей.

І не пакінуў Ты мяне ў руках непрыяцеля; на прасторным месцы паставіў ногі мае.
 
Ты ня выдаў мяне ў рукі ворага: паставіў ногі мае на вольны прастор.

Злітуйся нада мною, Госпадзе, бо я прыгнечаны; стурбавалася ў тузе вока маё, душа мая і нутро маё.
 
Зжалься нада мною, Госпадзе, бо я ўцісьнены! Ад слёз захавай вочы мае, горла і цела маё.

Бо ў пакутах змарнела жыццё маё і гады мае ў стагнаннях; саслабела ва ўбогасці сіла мая і павысыхалі косці мае.
 
Бо жыцьцё маё прайшло ў жудасьці, а мае гады ў уздыханьні: сіла мая змаглася ў цяжары, а косьці мае пасохлі.

Я зрабіўся пасмешышчам для ўсіх ворагаў маіх, для суседзяў маіх, і страхоццем для знаёмых: тыя, што бачылі вонкі мяне, уцякалі ад мяне.
 
Праціўнікі мае абсмьмяялі мяне, а суседзі мае брыдзяцца мной: я стаў страхоцьцем для знаёмых маіх. — Хто мяне ўбачыць на вуліцы, уцякае ад мяне.

Я забыты ў сэрцах, быццам нябожчык; стаўся падобным я да бітай пасудзіны.
 
Забыты я ў сэрцах, як памёршы: я стаўся як разьбітае начыньне.

Бо я чуў нараканне ад многіх, жудасць наўкола — калі яны сышліся там разам супраць мяне, змовіліся вырваць душу маю.
 
Чую паняверку ад многіх — жахлівасьць адусюль! Змаўляюцца між сабою, каб адняць ад мяне жыцьцё.

А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; кажу: «Ты — мой Бог.
 
Але я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся. — Я гавару: “Ты ёсьць мой Бог!”.

У Тваіх руках — лёс мой». Вырві мяне з рук непрыяцеляў маіх і ад тых, што пераследуюць мяне;
 
У тваіх руках — мае дні: вызваль мяне з рук маіх шалёных ворагаў!

пралі святло аблічча Твайго над слугою Тваім, збаў мяне ў міласэрнасці Тваёй.
 
Няхай сьвеціць аблічча тваё над слугой тваім: збаў мяне ў міласьці тваей!

Госпадзе, не дай сумецца мне, бо я клічу Цябе; хай асаромяцца бязбожнікі, хай яны ў пекла сыдуць
 
Госпадзі, ня дай мне асароміцца, бо гукаю да Цябе! няхай асаромяцца бязбожнікі, — няхай змоўкнуць, ідучы ў пекла!

Хай занямеюць вусны ілжывыя, якія нягодныя рэчы гавораць з пыхаю і пагардай супраць справядлівага.
 
Няхай змоўкнуць ілжывыя вусны (хай анямеюць), што пагардліва, пышна і нахабна супраць справядлівага гавораць.

Якое вялікае мноства Тваіх даброццяў, Госпадзе, якія Ты прыхаваў для тых, хто спадзяецца на Цябе. Ты ўчыніў [гэта] для тых, якія спадзяюцца на Цябе перад абліччам сыноў чалавечых.
 
Як вялікая дабрата твая, Госпадзе, якую даруеш тым, хто Цябе баіцца, і аказываеш тым, хто ў Цябе шукае ратунку серад сыноў Адама.

Пад заслонай аблічча Твайго Ты захоўваеш ад хвалявання людзей, абараняеш іх у палатцы ад і языкоў звадлівых.
 
Ты іх акрываеш абліччам тваім пад заслонай ад бунтаў людзкіх, хаваеш іх як у прыбытку ад сварлівых языкоў.

Дабраславёны Госпад, бо з’явіў мне міласэрнасць Сваю ў горадзе ўмацаваным.
 
Багаслаўлены Госпад, што мне аказаў дзіўную любоў у месьце ўзмоцненым.

А я казаў у збянтэжанні маім: «Адрынуты я ад вачэй Тваіх». Але Ты выслухаў голас малення майго, калі я ўсклікаў да Цябе.
 
Я ж казаў у маей турбоце: “Я адкінены ад вачэй тваіх!”. Але Ты паслухаў голас майго маленьня, калі я крычаў да Цябе.

Любіце Госпада, усе святыя Яго! Верных захоўвае Госпад, а тым, што ў пыхлівасці ходзяць, аддае з лішкам.
 
Любіце Госпада, усе сьвятыя Яго! Ён сьцеражэ верных, але Госпад адплачывае зь лішкай тым, што жывуць у гордасьці.

Будзьце мужныя і ўмацоўвайце сэрца вашае, вы ўсе, што спадзеяцеся на Госпада.
 
Будзьце адважныя ўсе тыя, што давераеце Госпаду, а сэрцы вашыя хай узмацняюцца!(б)