Псалтыр 15 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Псальм Давідаў. Госпадзе, хто будзе жыць у палатцы Тваёй? Хто знойдзе спачын на гары Тваёй святой?
 
Псальм Давідавы. Госпадзе! Хто ўвойдзе ў твой прыбытак? Хто будзе жыць на тваей гарэ сьвятой?

Той, хто ходзіць беззаганна і робіць справядлівасць; той, хто гаворыць праўду ў сэрцы сваім;
 
Той, хто жыве дасканала, дзеіць справядліва і з свайго сэрца праўду гаворыць.

хто не падманвае языком сваім, не робіць благога блізкаму свайму і ганьбы не ўзводзіць на блізкага свайго;
 
Хто языком сваім ня шкодзіць, нічога благога бліжняму ня робіць і ня прычыняе зьнявагі свайму бліжняму.

нікчэмным лічыцца перад ім злачынца, аднак тых, што баяцца Госпада, ён услаўляе; хто прысягае, хоць і не на карысць сваю, і не адмаўляецца;
 
Хто пагарджае злачынцам, але шануе тых, што Бога баяцца. Хто трымае прысягі, хоць і з сваею шкодаю.

хто грошы свае не дае на ліхвярства і хабару супраць бязвіннага не прымае. Той, хто так робіць, не пахіснецца навек.
 
Хто не аддае сваіх грашэй на ліхвярства і подкупу супраць нявіннага ня прыймае. — Хто гэтак паступае, той ня сьхісьнецца навекі.