Псалтыр 39 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Кіраўніку хору. Ідытун. Псальм Давідаў.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
Я буду пільнаваць дарогі мае, каб не правініцца языком маім; пастаўлю я ахову вуснам маім, пакуль грэшнік стаіць перада мной.
Пільнавацца буду дарогі маей, не даючы саграшыць языку майму. На вусны мае ўздзену вузду, пакуль бязбожнік будзе перада мною.
Я знямеў у маўчанні і не гаварыў нават пра дабро, і пакута мая аднавілася.
Анямеў я ў маўчаньні, змоўк і сьціх, нават аб добрым, але боль мой абвастрыўся.
Разгарэлася ўва мне сэрца маё; і ў роздумах маіх запалаў агонь.
Маё сэрца распалілася ўва мне, у думках маіх запалаў агонь, і язык мой пачаў гаварыць.
Загаварыў я языком сваім: «О, Госпадзе, дай мне пазнаць канец свой і які лік дзён маіх, каб усвядоміць, наколькі кароткае жыццё маё».
Госпадзе, дай мне пазнаць канец мой і якая ёсьць мера дзён маіх, каб я ведаў сваю нязначнасьць.
Вось жа вызначыў Ты дні мае на некалькі корхаў, і прамежак жыцця майго — нішто прад Табою. Бо кожны чалавек — як суцэльная марнасць.
Вось на адну пядзь Ты ўчыніў дні мае і мой век як нішто перад Табою! Нішто як толькі подмух ёсьць кожны чалавек.
Бо быццам цень праходзіць чалавек. Бо марна мітусіцца ён; збірае скарб і не ведае, хто атрымае яго.
Адно толькі як здань бродзіць чалавек: калі дарэмна ён клапаціцца, зьбіраючы багацьце, дый ня ведае, каму дастанецца гэтае.
А цяпер чаго я чакаю, Госпадзе? Надзея мая — у Табе.
А цяпер чаго мне чакаць, Госпадзе? Уся мая надзея — на Цябе.
Вырві мяне ад усіх правіннасцей маіх, не выстаўляй мяне на пасмешышча неразумнаму.
Выбаў мяне ад усіх правінаў маіх! На сьмех глупага ня выдай мяне.
Анямеў я і не адкрыю вуснаў маіх, бо Ты так учыніў.
Я змоўк і вуснаў маіх не адчыняю, бо Ты гэта зрабіў.
Здымі з мяне пакаранне Тваё, гіну я ад удару рукі Тваёй.
Адвярні ад мяне твае кары: я гіну ад удараў тваей рукі.
Ушчуваннем за правіннасць пакараў Ты чалавека і ўчыніў так, што змарнелі, быццам ад молі, усе памкненні яго. Бо марнасць — кожны чалавек.
Выкрываючы правіны, Ты караеш чалавека: як ад молі разьедаецца пажаданьне яго. — Усе людзі — як адзін подмух.
Выслухай маленне маё, Госпадзе, лямантаванне маё ўспрымі вушамі. Не будзь глухім да слёз маіх, бо я — прыхадзень у Цябе, вандроўнік, як усе продкі мае.
Пачуй малітву маю, Госпадзе! Нахілі вуха на кліч мой, бо я ў Цябе як чужынец і падарожнік, як і ўсе айцы мае.
Адступі ад мяне, каб я перадыхнуў перад тым, як адыду і больш мяне не будзе.
Адвярні свой позірк ад мяне, каб я мог адсапціся перад адыходам і мяне цалкам не стане!