Псалтыр 37 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

АЛЕФ. Давідаў. Не зайздросць ліхадзеям і не наследуй тым, што робяць несправядлівасць.
 
Алеф. Псальм Давідавы. Не палай гневам на злачынцаў і не завідуй тым, што твораць беспраўе!

Бо высахнуць і ападуць яны хутка, як сена і быццам зялёная трава.
 
Бо яны, як трава, хутка павянуць і пасохнуць, як зельле у полі.

БЭТ. Спадзявайся на Бога і рабі дабро, і будзеш жыць на зямлі і даглядацца вераю.
 
Бэт. Спадзявайся на Госпада і твары дабро: прабывай на зямлі і жыві спакойна.

Знайдзі радасць у Госпадзе, і дасць Ён табе тое, чаго патрабуе сэрца тваё.
 
Мей радасьць у Госпадзе, а ён табе дасьць, што сэрца тваё зажадае.

ГІМЭЛЬ. Даручы Госпаду свой шлях і спадзявайся на Яго, і Ён здзейсніць.
 
Гімэль. Пакінь Госпаду свой лёс — даверай Яму, я Ён Сам будзе дзеіць.

І выявіць Ён, быццам зару, справядлівасць тваю, а суд твой — бы поўдзень.
 
Ён справядлівасьць тваю выведзе як яснасьць дня, а праўду тваю — як сьветласьць палудня.

ДАЛЕТ. Скарыся ў Госпадзе і ўскладзі на Яго ўсю надзею; не зайздросць таму, хто мае шанец на шляху сваім, чалавеку, які чыніць падкопы.
 
Далет. Будзь ціхі і даверлівы Госпаду: не распальвай гневу твайго на таго, каму шэнціць, — на чалавека здрадлівага і інтрыганта.

ГЭ. Перастань гневацца і апануй абурэнне, не будзь зайздросны да таго, што вядзе да ліха.
 
Гэ. Ухіляйся ад гневу і пакінь заўзятасьць, ня ўзбурайся, каб не зрабіць чаго благога!

бо тыя, што чыняць ліха, будуць знішчаны, а хто спадзяецца на Госпада — зямлю ўспадкаеміць.
 
Во нягоднікі будуць знішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, той заваладае зямлёю.

ВАЎ. Яшчэ нямнога і не будзе грэшніка; глянеш на месца яго — і не знойдзеш яго.
 
Вау. Яшчэ толькі хвіліна, а бязбожніка не стане: глянеш на ягонае месца, а яго й няма!

А вось пакорныя ўспадкаемяць зямлю і адчуюць асалоду ў бязмежнасці супакою.
 
Але ціхія заваладаюць зямлёю і будуць цешыцца вялікім супакоем.

ДЗАЙН. Настаўляе пастку грэшнік на справядлівага і скрыгоча супраць яго зубамі сваімі.
 
Заін. Бязбожнік зламышляе супраць справядлівага і скрыгоча на яго зубамі.

Але Госпад смяецца з яго, бо Ён ведае заўтрашні дзень яго.
 
Госпад сьмяецца зь яго, бо бачыць, што надыходзіць дзень ягоны.

ГЭТ. Вымаюць грэшнікі меч з похваў, нацягваюць лук свой, каб пасцінаць беднага і няшчаснага, каб знішчыць тых, што ідуць правільным шляхам.
 
Гэт. Бязбожнікі меч абнажаюць і нацягваюць лук, каб паразіць (паваліць) бедняка і няшчаснага, (каб забіць тых, хто йдзе простаю дарогай).

Меч іх уваткнецца ў іх жа сэрца, а лукі іх паломяцца.
 
Меч іх пранікне ў іхняе сэрца, а іх лукі будуць паламаны.

Лепшая дробязь у справядлівага, чым вялікі дастатак у грэшнікаў.
 
Тэт. Лепшае будзе малое для справядлівага, як вялікае багацьце для бязбожніка.

Бо рамёны грэшнікаў саслабеюць, а справядлівым Госпад надасць сілу.
 
Бо рукі бязбожнага будуць паламаны, але справядлівых Госпад падтрымае.

ЁД. Вызначыў Госпад дні беззаганных, і спадчына іх будзе навечна.
 
Йод. Госпад ведае аб днёх (людзей) нявінных: іх спадчына будзе вечная.

Не пасаромеюцца яны ў ліхую часіну і ў дні голаду будуць насычаны.
 
У благім часе яны асаромлены ня будуць, а ў ліхія дні падчас голаду будуць насычаны.

КАФ. Бо грэшнікі згінуць, і ворагі Госпада змарнеюць, бы зяленіва палёў, змарнеюць, нібыта дым.
 
Каф. Але бязбожнікі згінуць і тыя ворагі Госпада: як краса іхніх палёў, так і яны шчэзнуць, як дым яны разьвеюцца.

ЛЯМЭД. Грэшнік пазычае, але не вяртае, а справядлівы шкадуе і аддае.
 
Лямэд. Бязбожнік пазычае і не аддае, а справядлівы мае літасьць і падаруе.

Бо дабраславёныя Яго ўспадкаемяць зямлю, а праклятыя Ім будуць знішчаны.
 
Багаслаўлёныя (Госпадам) атрымаюць зямлю, а праклятыя будуць загублены.

МЭМ. Крок чалавека спасіляецца Госпадам, і ахвотна пойдзе той шляхам Яго.
 
Мэм. Госпад кяруе крокамі чалавека: яны ўзмацняюцца і яго шлях падабаецца Яму.

Калі ж паваліцца ён, то не паб’ецца, бо Госпад падставіць руку Сваю.
 
Калі б упаў, ня будзе ляжаць, бо Госпад падтрымае яго руку.

НУН. Быў я малады і састарэў, і не бачыў я, каб справядлівы быў пакінуты і каб дзеці яго прасілі хлеба.
 
Нун. Маладым быў я і пастарэў, і не бачыў, каб справядлівы быў апушчаны, ні каб яго патомства жабравала (хлеба).

Цэлы дзень чыніць Ён міласэрнасць і пазычае, і дзеці яго ў дабраславенні будуць.
 
Заўсёды ён шчодры і дае пазыкі і ягонае патомства будзе багаслаўлена.

САМЭК. Ухіляйся ад ліха і рабі дабро, і будзеш ты жыць у вяках.
 
Самэх. Ухіляйся ад зла і твары дабро, дык будзеш жыць навекі.

Бо Госпад любіць справядлівасць і не пакіне сваіх святых. АЙН. А несправядлівыя загінуць навечна, і нашчадкі бязбожнікаў будуць знішчаны.
 
Бо Госпад любіць праўду і не пакіне сваіх прыяцеляў. Злачынцы пагінуць навекі, а патомства бязбожных загіне.

А справядлівыя ўспадкаемяць зямлю і век будуць жыць на ёй.
 
Справядлівыя атрымаюць зямлю, і там будуць жыць навекі.

ФЭ. Вусны справядлівага спяваюць праўду і язык яго гаворыць тое, што правільна.
 
Пэ. Вусны справядлівага гамоняць мудрасьць, і язык яго кажа праўду.

Закон Бога яго ў сэрцы яго, і не хістаюцца яго ногі.
 
Закон Бога ягонага — у сэрцы ягоным: ягоныя ногі ня схіснуцца.

САДЭ. Сочыць грэшнік за справядлівым і імкнецца забіць яго.
 
Цадэ. Бязбожнік падглядае справядлівага і шукае, каб зьнішчыць яго.

Але Госпад не пакіне яго ў руках таго, не асудзіць яго, калі тыя будуць асуджаны.
 
Госпад ня дасьць яго ў рукі ягоныя і не дапусьціць абвініць яго, калі будзе суджаны.

КОФ. Чакай Госпада і пільнуй шлях Яго, і Ён узвысіць цябе, каб атрымаў ты ў спадчыну зямлю; калі будуць знішчаны грэшнікі, ты ўбачыш.
 
Коф. Спадзявайся на Госпада і хадзі шляхам ягоным, а Ён узвысіць цябе, каб ты ўзяў зямлю і ўбачыш загубу бязбожнікаў.

РЭС. Бачыў я бязбожніка, які надзімаўся ад пыхі і ўзвышаўся, быццам кедр зялёны,
 
Рэш. Бачыў я бязбожніка ганарыстага, што ўзвышаўся як кедр Ліванскі.

і я прайшоў міма, і вось не было ўжо яго; і шукаў я яго, а ён не знайшоўся.
 
Калі ж я праходзіў, яго ня было: шукаў я яго, але не знайшоў яго.

СІН. Назірай за бязгрэшным і глядзі на справядлівага, бо будучыня належыць чалавеку міратворцу.
 
Шын. Зважай на дасканалага і ўзірайся на цнатлівага, а ў згоднага чалавека будзе патомства.

А несправядлівыя згінуць разам, будучыня бязбожнікаў будзе знішчана.
 
Але грэшнікі будуць усе вынішчаны і насеньне бязбожных шчэзьне.

ТАЎ. Збаўленне справядлівых у Госпада; і Ён абаронца ў час бяды.
 
Тау. Збаўленьне справядлівых выходзіць ад Госпада: Ён — пэўная іх абарона ў час няшчасьця.

І ўспамагае ім Госпад, і вызваляе іх, і вырывае іх ад бязбожных, і збаўляе іх, бо яны хінуцца да Яго.
 
Госпад іх успамагае і вызваляе: Ён збавіць іх ад бязбожных і захавае, бо ў Яго шукаюць апекі.