Псалтыр 22 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Кіраўніку хору. На спосаб песні «Ласіца на досвітку». Псальм Давідаў.
 
Кіраўніку хору — на лад песьні “Лань на сьвітаньні”. Псальм Давідавы.

Божа, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? Далёка ад збавення майго словы клічу майго.
 
Божа мой, Божа мой! Чаму Ты мяне пакінуў?(а) і ўначы — не зважаеш на мяне, ад слоў стагнаньня майго.

Божа мой — клічу ўдзень, і не чуеш, і ноччу, і няма мне супакою.
 
Божа мой, клічу я ўдзень, але Ты не адгукаешся і ўначы — не зважаеш на мяне.

Але ж Ты — святы, Ты жывеш у славе Ізраэля.
 
Але Ты ўсё ж Сьвяты: Ты жывеш у славе Ізраіля.

На Цябе ўсклалі надзею бацькі нашыя, усклалі надзею — і Ты вызваліў іх;
 
На Цябе спадзяваліся айцы нашыя: мелі надзею, і Ты збаўляў іх.

і сталіся ўратаванымі; на Цябе ўсклалі надзею — і не пасаромеліся.
 
Да Цябе гукалі і былі вызвалены: Табе давяралі, і ня было гэта дарэмна.

Але ж я — чарвяк, а не чалавек, зняважаны людзьмі і адрынуты народам.
 
А я — чарвяк, а не чалавек, зьняважаны людзьмі і пагарджаны народам.

Усе, якія бачылі мяне, блюзнілі на мяне, крывячы вусны, ківалі галавою.
 
Усе, што бачаць мяне, насьміхаюцца нада мною, выкрыўляючы вусны ды ківаючы галавою.

«Спадзяваўся ён на Бога, хай жа вызваліць яго, няхай яго ўратуе, калі Ён спагадны да яго».
 
“Ён спадзяваўся на Госпада, няхай спасе яго, — няхай вызваліць яго, калі яго прыяцель!”

Бо Ты — Той, Які вывеў мяне з улоння, маё спадзяванне на грудзі маці маёй.
 
Ты мяне вывеў з (матчынага) лона: пры грудзёх маткі маей быў я бяспечны.

На Цябе быў я пакінуты ад самага пачацця, ад улоння маці маёй Бог мой — гэта Ты.
 
На Цябе быў я пакінены ад ураджэньня: ад улоньня маткі маей Ты — мой Бог.

Не аддаляйся ад мяне, бо пакута ўжо блізка, бо няма таго, хто падтрымае.
 
Ня стой воддаль ад мяне, бо блізка няшчасьце, бо няма мне абароны!

Абступіла мяне мноства цялят, быкі басанскія акружылі мяне.
 
Мноства бугаёў абступілі мяне, сільныя звяры Бэзанскія мяне абступаюць.

Разяўляюць яны на мяне свае пашчы, быццам леў драпежны і рыклівы.
 
Яны разявілі на мяне свае зяпы, як драпежны, рыкаючы леў.

Нібы вада, я ўвесь выліўся, і рассыпаліся косці мае. Зрабілася сэрца маё, быццам воск, расплаўляючыся ў сярэдзіне ўлоння майго.
 
Я расплыўся, як вада, і ўсе мае косьці разыйшліся, сэрца маё, як воск, растапілася ў нутры маім.

Ссохлася, як цагліна, горла маё, і язык мой прыстаў да гартані маёй, у парахно смерці звёў Ты мяне.
 
Высахла як чарапок маё горла, язык мой прыліп да майго паднябеньня, і ў парахно сьмерці Ты мяне кінуў.

Бо абступіла мяне мноства сабак, банда ненавіснікаў абступіла мяне.
 
Сфора сабак абкружыла мяне, аблягае мяне банда злачынцаў, прабілі рукі мае і ногі мае.

Прабілі рукі мае і ногі мае, і палічыў я ўсе косці мае. Яны ж заўважылі і пачалі ўглядацца ў мяне.
 
Магу палічыць усе косьці мае, а яны ўзіраюцца і на мяне прыглядаюцца.

Адзенне маё падзялілі між сабою і на вопратку маю кінулі жэрабя.
 
Яны дзеляць між сабою вопратку маю і аб адзежы маей кідаюць жэрабя.

Але Ты, Госпадзе, не аддаляйся, цвярдыня мая, паспяшайся мне на дапамогу.
 
Але Ты, Госпадзе, не аддаляйся! О, моц мая, сьпяшы мне на ўспамогу!

Ухавай ад меча душу маю і ад кіпцяў сабачых — адзіную маю.
 
Ад мяча вырві душу маю і з пазуроў сабакі адзінокую маю!

Абарані мяне ад пашчы льва, а пакорлівасць маю — ад рагоў адзінарога.
 
Ад зяпы львінае вызваль мяне і ад рагоў буйвала — маю бедную душу!

Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод святыні буду славіць Цябе.
 
Буду апавядаць маім братом тваё Імя, у грамадзе буду хваліць Цябе.

Хваліце Яго, якія жывяце ў страху Госпада, усялякае семя Якубава ўслаўляйце Яго! Хай трымціць перад Ім кожнае семя Ізраэлева.
 
Вы, што баіцеся Госпада, хваліце Яго: усё насеньне Якубава, выхваляйце Яго і бойцеся Яго, насеньне Ізраіля!

Бо Ён не пагарджаў і не брыдзіўся жальбаю ўбогага і не адвярнуў аблічча Свайго ад яго, а калі той звяртаўся да Яго, выслухаў яго.
 
Бо Ён не пагардзіў і ня брыдзіўся галечай бедняка, і не схаваў ад яго свайго аблічча і паслухаў, калі той клікаў Яго.

Дзеля Цябе пахвала мая ў вялікай святыні. Выпаўню абяцанні свае перад тымі, што баяцца Яго.
 
Гэта Ты — мая хвала ў вялікай грамадзе: абяцаньні мае я споўню перад тымі, што баяцца Яго.

Убогія будуць есці і наядуцца і будуць славіць Госпада тыя, што шукаюць Яго: «Хай жывуць сэрцы іх на векі вечныя!»
 
Убогія будуць есьці і насычацца: будуць хваліць Госпада тыя, што шукаюць Яго, няхай іхняе сэрца жыве навекі!

Апомняцца і навернуцца да Бога ўсе ўскрайкі зямлі, і паклоняцца перад абліччам Яго ўсе плямёны паганскія.
 
Усе межы зямлі апамятаюцца і вернуцца да Госпада і ўсе пляменьні паганаў упадуць ніцма перад Ім.

Бо царства — Госпадава, і Ён будзе валадарыць над паганамі.
 
Бо Госпада ёсьць царства і Ён — Валадар народаў.

Толькі Яму аднаму паклоняцца ўсе тыя, што спачываюць у зямлі. Перад Ім упадуць усе, якія сыдуць у прах. А душа ж мая будзе жыць для Яго,
 
Толькі перад Ім схіляюцца ўсе магутныя зямлі, перад Ім нахіляцца ўсе, што ў пыл зыходзяць. А мая душа жыць будзе для Яго.

і нашчадкі мае будуць служыць толькі Яму. Будзе расказана пра Госпада пакаленню, якое прыйдзе,
 
Патомства маё будзе Яму служыць: прышламу пакаленьню будзе апавядаць аб Госпадзе.

і абвесцяць яны справядлівасць Яго народу, які народзіцца: «Гэта ўчыніў Госпад».
 
Абвяшчаць будуць справядлівасьць людзям, што народзяцца: “Гэта ўчыніў Госпад”.