Псалтыр 93 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Госпад заваладарыў! Адзеўся Ён у аздобу; адзеўся Госпад, моцаю падперазаўся, бо ўмацаваў Ён сусвет, які не пахіснецца.
 
Госпад (валадарыць), прыбраўся ў веліч. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся ею. І умацаваў сусьвет, што не захістаецца.

Умацаваны пасад Твой з таго часу, спакон вякоў — Ты.
 
Узмацаваны пасад твой спрадвеку і ты Сам, Госпадзе, ад усіх вякоў.

Уздымаюцца рэкі, Госпадзе, уверх, падымаюць рэкі голас свой, падымаюцца рэкі з шумам уверх.
 
Падыймаюць рэкі, Госпадзе, падыймаюць рэкі голас свой, узьнімаюць рэкі грукат свой.

Па-над галасамі многіх водаў, па-над магутнымі наваламі марскімі, магутны на вышынях Госпад.
 
Мацнейшы як голас водаў нязьмерных, магутнейшы як навалы ў моры ёсьць Госпад Вялікасны у вышынях нябесных.

Сведчанні Твае вельмі годныя веры, дому Твайму, Госпадзе, належыць святасць у векі вечныя.
 
Тваё сьведчаньне ёсьць цалкам верагоднае, сьвятасьць належыць да дому твайго, Госпадзе, у працягу вякоў.