Псалтыр 7 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Жальба Давіда, якую выспеваў перад Богам дзеля Куша Бэньямінава.
 
Лямант Давіда, які ён выспяваў з прычыны Кушы, з пакаленьня Бэньяміна.

Госпадзе, Божа мой, на Цябе спадзяюся; уратуй мяне ад усіх тых, што чыняць мне пераследы, і вызвалі мяне,
 
Госпадзі Божа мой! У Цябе мой прыпынак: выбаві мяне ад усіх, што прасьледуюць мяне і вызваль мяне!

каб не схапіў хто, як леў, душы маёй, разрываючы яе, пакуль няма Таго, Хто ўратаваў бы.
 
Каб не схапіў душы маей, як леў, і не разарваў, калі няма каму ратаваці.

Госпадзе Божа мой, калі ўчыніў я нешта, калі ёсць няпраўда ў руках маіх,
 
Госпадзі Божа мой! Ці ж я ўчыніў гэткае, ці ж прыляпілася злачынства да рук маіх?

калі вярнуў я [благое] тым, што мне аддавалі назад благое, калі ўшанаваў непрыяцеля свайго марнага, дараваўшы яму,
 
Ці я зрабіў зло майму дабрадзею — я, што ратаваў і таго, які мне шкодзіў без прычыны?

няхай вораг чыніць пераслед душы маёй, і схопіць, і растопча па зямлі жыццё маё і славу маю перакіне ў попел.
 
Тады няхай мяне гоніць вораг і схопіць, няхай прытопча маё жыцьцё, а чэсьць маю хай у пыл выкіне!

Паўстань, Госпадзе, у гневе Тваім і ўзнясіся супраць лютасці непрыяцеляў маіх, і паўстань, Божа мой, на судзе, які Ты запавядаў.
 
Паўстань, Госпадзе, у тваім гневе! Узьніміся супраць лютасці ўціскаючых мяне: стань за мяне на суд, які Ты запаведаў.

І хай сход народаў акружыць Цябе, і над ёю вярніся ізноў на вышыню:
 
Няхай абкружаць цябе народы, а Ты засядзь над імі высока!

Госпад судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле справядлівасці маёй і паводле незласлівасці маёй, якая ёсць ўва мне.
 
Госпад судзіць народы. Асудзі мяне, Госпадзе, паводле маей справядлівасьці і паводле маей нявіннасьці, якая ёсць ува мне.

Хай спыніцца зласлівасць грэшнікаў, а справядлівага ўмацуй, справядлівы Божа, што пранікаеш у сэрцы і ўлонні.
 
Зваюй злосьць бязбожнікаў і ўмацуй пабожнага, Ты, што пранікаеш сэрца і нутро, Божа справядлівы!

Успамога мая — у Бога, Які ратуе шчырых сэрцам.
 
Бог ёсьць шчыт мой, Ён збаўляе простых сэрцам.

Бог — Суддзя справядлівы і магутны, гневаецца штодня,
 
Бог — Судзьдзя справядлівы, (моцны і доўгацярплівы), Ён штодня — грозны.

Ці не агаліў Ён ізноў меч Свой, ці не нацягнуў лук Свой і не падрыхтаваў яго?
 
Калі не навернуцца, меч свой навострыць, лук нацягне і зь яго намерыцца.

І падрыхтаваў Ён Сабе смяротную зброю, стрэлы Свае зрабіў агнявымі.
 
Прыгатуе броню смерці: стрэлы свае робіць палючымі.

Вось [чалавек]: затаіў у сабе несправядлівасць — даў пачатак жалю — спарадзіў няпраўду;
 
А (вораг) пачаў ліхое: цяжарны ён злосьцяй і народзіць няпраўду.

пачаў капаць катлаван і выкапаў яго, і ўваліўся ў яму, якую зрабіў.
 
Капаў яму і паглыбляе, але сам упадзе ў дол прыгатаваны.

Абернецца жаль яго на галаву яго, а зласлівасць яго спадзе на патыліцу яго.
 
Ліха, што задумаў, спадзе на галаву яму, а на цемя яго зваліцца злачынства ягона.

Спавядаюся Госпаду паводле справядлівасці Яго і буду спяваць псальмы імю Госпада Найвышэйшага.
 
Дзякую Госпаду за яго справядлівасьць і псальм сьпяваю Імяні Госпада Найвышэйшага.