Псалтыр 14 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Сказаў неразумны ў сэрцы сваім: «Няма Бога». Яны аддаліся распусце і мярзотныя рэчы рабілі; няма нікога, хто робіць дабро.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Казаў дурны ў сваім сэрцы: “Няма Бога!”. Папсаваліся яны, агідныя іхнія справы: няма чалавека дастойнага, (каб дабро хто рабіў бы).

Госпад з неба глядзіць на сыноў чалавечых, каб убачыць, ці ёсць разумны, хто Бога шукае.
 
Паглядае Госпад на сыноў Адама, каб пабачыць, ці ёсьць хто разумны, што Бога шукае.

Усе адхіліліся, аднолькава аддаліся распусце; няма нікога, хто робіць дабро, няма аніводнага.
 
Усе зблудзілі, разам папсаваліся: няма дастойнага чалавека — аніводнага!

Няўжо не паразумнеюць усе, што чыняць беззаконне, што з’ядаюць народ мой, быццам хлеб ядуць? Госпада яны не прызываюць,
 
Ці ж не апамятаюцца ўсе злачынцы, што народ мой пажыраюць, як бы хлеб елі? Госпада ня прызываюць.

дык затрымцяць яны ў страху, бо Бог — з родам справядлівым.
 
Дык задрыжаць яны ад страху, (хоць бяз прычыны), бо ёсць Госпад сярод праведнага роду.

Вы намер гаротніка зблытаць збіраецеся, але Бог — спадзяванне яго.
 
Радай убогага вы пагарджаеце, але Госпад — прыпынак ягоны.

Хто дасць з Сіёна збаўленне Ізраэлю? Калі верне Госпад палон народа Свайго, узрадуецца Якуб і цешыцца будзе Ізраэль.
 
Каб жа прышло з Сыёну збаўленьне Ізраіля! Калі Госпад адменіць лёс свайго народу, уцешыцца Якуб і ўзрадуецца Ізраіль.