Псалтыр 139 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Госпадзе, Ты выпрабаваў і ведаеш мяне,
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Госпадзе, Ты мяне прабуеш і знаеш мяне.
Ты ведаеш мяне, калі сяджу і калі падымаюся. Ты разумееш думкі мае здалёк,
Ты ведаеш, як я ўстаю або сядаю: Ты здалёк пранікаеш думкі мае.
Ты бачыш, калі я хаджу і калі кладуся. І ўсе дарогі мае Ты праглядаеш,
Як я хаджу або ляжу, Ты зважаеш: усе мае дарогі Табе ў наяўнасьці.
бо няма яшчэ слова на языку маім — і вось, Госпадзе, Ты пра ўсё ведаеш.
Хоць няма яшчэ слова на маім языку, а вось Ты, Госпадзе, знаеш яго цалкам.
Абхапляеш Ты мяне ззаду і спераду, і кладзеш на мяне руку Тваю.
Ззаду і спераду агортваеш мяне і кладзеш на мяне сваю руку.
Вельмі дзівосным сталася Тваё веданне адносна мяне, узнёслае, і не спасцігну яго.
Дзіўнае вельмі веданьне, якое мяне перавышшае, так высокае, што не магу дасягнуць!
Куды пайду я ад Духа Твайго, і куды ўцяку ад аблічча Твайго?
Куды далей мне ісьці ад духа Твайго, куды далей мне уцеч ад аблічча твайго?
Калі пайду ў неба, Ты там; калі спушчуся ў цемру, Ты там прабываеш.
Калі-б я узыйшоў на неба, дык Ты там; калі-б залёг у пекле, Ты й тама!
Хоць бы ўзяў крылы зараніцы, хоць бы апынуўся на ўскрайках мора,
Калі-б я ўзяў крыльлі раньняй зары і асеў на самым канцы мора,
нават там вяла б мяне рука Твая, і трымала б мяне правіца Твая.
Дык нават там рука твая вадзіла-б мяне, а правіца твая трымала-б мяне.
Калі скажу: «Можа, цемра пакрые мяне і ноч будзе святлом вакол мяне»,
Калі-б я сказаў: “Няхай цемра пакрые мяне, няхай сьветласьць нада мною станецца ночай!”
нават цемра не будзе скрытай ад Цябе, і ноч, як дзень, не асвятліцца — як цемра Яго, так і святло Яго.
Дык і цемра ня ёсьць цёмнай перад Табою і ноч сьветлая як дзень; а цемра як сьвятло.
Бо Ты сфармаваў мае ныркі, заснаваў Ты мяне ў жываце маці маёй.
Бо Ты стварыў ныркі мае, Ты выткаў мяне у лоне маткі маей.
Буду вызнаваць Цябе, што так дзівосна створаны я; дзівосныя справы Твае, і душа мая добра ведае [гэта].
Я Табе дзякую за гэтулькі цудаў: цуд — тое, што я існую, цудам ёсьць, што гэта тваё дзела! Душа мая, ты гэта добразнае
Не былі ўхаваныя ад Цябе косці мае, хаця я створаны быў таемна, сфармаваны ў глыбінях зямлі.
Мае косьці ня былі (цалкам) укрытыя прад Табою, калі я тварыўся таямніча, складаўся ў глыбінях зямлі.
Зародак мой бачылі, вочы Твае, і ў кнізе Тваёй былі запісаны ўсе дні: яны былі ўпарадкаваны, ды яшчэ аніводнага з іх не было.
Вочы твае бачылі мае учынкі: яны ўсе запісаны ў тваей кнізе; мае дні акрэсьлены і запісаны перш чым каторы зь іх настаў.
Для мяне ж незвычайна каштоўныя задумы Твае, Божа; надзвычай вялікая колькасць іх.
Як-жа трудныя твае думкі, о Божа! якая вялікая іх безьліч!
Калі б пералічыў, дык болей іх, чым пяску, калі б дабраўся да канца, я ўсё яшчэ з Табою.
Калі іх лічыў-бы, дык іх больш як пяску; як-бы іх скончыў, я яшчэ быў-бы з Табою.
Хаця б Ты, Божа, знішчыў грэшнікаў; ухіліцеся ад мяне, прагныя крыві.
Каб-жа Ты, Божа, пабіў бязбожнікаў! Крывасмокі, адступіце ад мяне!
Яны прамаўляюць ліхое супраць Цябе: узносяцца дарэмна супраць Цябе
Яны гамоняць аб Табе падступна: за нішто маюць твае думкі.
Ці ж мне не ўзненавідзець тых, што зненавідзелі Цябе, і ці не адцурацца мне тых, што бунтуюць супраць Цябе?
Госпадзе, ці-ж я не маю ненавідзець тых, што ненавідзяць Цябе, і брыдзіцца тымі, што паўстаюць на Цябе?
Страшнаю нянавісцю ненавіджу я іх, непрыяцелямі сталі яны для мяне.
Ненавісьцяй поўнай я іх ненавіджу: яны сталі маімі ворагамі.
Правер мяне, Госпадзе, і ўведай сэрца маё, выпрабуй мяне, пазнай сцежкі мае
Выпрабуй мяне, Божа, пазнай маё сэрца; дасьледуй мяне, пазнай мае задумы!
і пабач, ці ёсць ува мне дарога марнасці, і выведзі мяне дарогай вечнай.
Пабач, ці мая дарога ня была-б пагібельнай і на шлях вечнасьці скіруй мяне!