Псалтыр 139 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Кіраўніку хору. Давідаў. Псальм. Госпадзе, Ты выпрабаваў і ведаеш мяне,
Ты ведаеш мяне, калі сяджу і калі падымаюся. Ты разумееш думкі мае здалёк,
Ты бачыш, калі я хаджу і калі кладуся. І ўсе дарогі мае Ты праглядаеш,
бо няма яшчэ слова на языку маім — і вось, Госпадзе, Ты пра ўсё ведаеш.
Абхапляеш Ты мяне ззаду і спераду, і кладзеш на мяне руку Тваю.
Вельмі дзівосным сталася Тваё веданне адносна мяне, узнёслае, і не спасцігну яго.
Куды пайду я ад Духа Твайго, і куды ўцяку ад аблічча Твайго?
Калі пайду ў неба, Ты там; калі спушчуся ў цемру, Ты там прабываеш.
Хоць бы ўзяў крылы зараніцы, хоць бы апынуўся на ўскрайках мора,
нават там вяла б мяне рука Твая, і трымала б мяне правіца Твая.
Калі скажу: «Можа, цемра пакрые мяне і ноч будзе святлом вакол мяне»,
нават цемра не будзе скрытай ад Цябе, і ноч, як дзень, не асвятліцца — як цемра Яго, так і святло Яго.
Бо Ты сфармаваў мае ныркі, заснаваў Ты мяне ў жываце маці маёй.
Буду вызнаваць Цябе, што так дзівосна створаны я; дзівосныя справы Твае, і душа мая добра ведае [гэта].
Не былі ўхаваныя ад Цябе косці мае, хаця я створаны быў таемна, сфармаваны ў глыбінях зямлі.
Зародак мой бачылі, вочы Твае, і ў кнізе Тваёй былі запісаны ўсе дні: яны былі ўпарадкаваны, ды яшчэ аніводнага з іх не было.
Для мяне ж незвычайна каштоўныя задумы Твае, Божа; надзвычай вялікая колькасць іх.
Калі б пералічыў, дык болей іх, чым пяску, калі б дабраўся да канца, я ўсё яшчэ з Табою.
Хаця б Ты, Божа, знішчыў грэшнікаў; ухіліцеся ад мяне, прагныя крыві.
Яны прамаўляюць ліхое супраць Цябе: узносяцца дарэмна супраць Цябе
Ці ж мне не ўзненавідзець тых, што зненавідзелі Цябе, і ці не адцурацца мне тых, што бунтуюць супраць Цябе?
Страшнаю нянавісцю ненавіджу я іх, непрыяцелямі сталі яны для мяне.
Правер мяне, Госпадзе, і ўведай сэрца маё, выпрабуй мяне, пазнай сцежкі мае
і пабач, ці ёсць ува мне дарога марнасці, і выведзі мяне дарогай вечнай.